Свята завітала ў сталічныя магазіны

29 октября 2014
Для стварэння адпаведнага настрою ўпрыгожваюцца гандлёвыя залы, аздабляюцца фасады будынкаў і вітрыны, адкрываюцца аддзелы з цацкамі, гірляндамі і мішурой. У пераднавагодні перыяд не абыдзецца без акцый, скідак і буйных распродажаў.

Надзея Сербіненка ацаніла разнастайнасць навагодніх упрыгажэнняў.

Мастаку-афарміцелю Лізавеце Агафонавай калегі даверылі самую адказную місію - упрыгожыць галоўную ёлку ўнівермага. Штучнае зялёнае дрэва - самае вялікае ў магазіне. Вышыня - пяць метраў. Таму і навагоднія аксэсуары падбіралі адпаведна - па памеры.

Спецыяльна да гэтага зімовага сезона ў цэнтральным універмагу запрацавала новая секцыя. Тут - выключна навагоднія тавары. Шары, гірлянды, бліскучая мішура і, вядома, сімвал надыходзячага года - каза.

А ў гэтай секцыі навагодніх упрыгажэнняў акцэнт зрабілі на сувеніры з нацыянальным каларытам і ёлачныя шкляныя цацкі. Яны даражэйшыя за пластыкавыя, але і цэняцца больш.

Куток святочнай атмасферы Новага года з'явіўся ў адным са сталічных універмагаў. Набыць елку, гірлянду ці Дзеда Мароза можна ўжо сёння. Але напярэдадні Новага года святочны асартымент значна пашырыцца.

Да сярэдзіны лістапада афарміцелі зменяць і вонкавы выгляд універмага - восеньскія вітрыны хутка пераапрануць на зімовы лад.

Рыхтавацца да наплыву пакупнікоў сталічныя магазіны пачынаюць загадзя. Каб у апошнія дні года ніхто не застаўся без падарункаў.