Святочныя мерапрыемствы сёння пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны

9 мая 2019
Брэст

У Брэсце асноўныя мерапрыемствы пачнуцца з шэсця да легендарнай цытадэлі. Вайскоўцы Брэсцкага гарнізона, ветэраны і моладзь пройдуць да плошчы цырыманіялаў і ўскладуць кветкі да Вечнага агню. Партрэты тых, хто цаною жыцця здабываў нам мірнае неба, пранясуць удзельнікі акцыі "Беларусь памятае". Музычны марафон "Кветкі Перамогі" стане працягам свята.

Віцебск

У Віцебску кветкі лягуць да манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў на плошчы Перамогі. Там жа адбудзецца тэатралізаваны мітынг і выстава ваеннай тэхнікі. У горадзе атмасферу свята падтрымаюць выступленні духавых аркестраў. Пройдзе ўнікальная выстава уніформы салдат і афіцэраў Чырвонай арміі.

Гродна

У горадзе на Нёмане  ўбачаць парад войскаў Гродзенскага гарнізона. Па вуліцах горада праедуць удзельнікі аўтамотапрабегу, пройдзе выстава рэтрааўтамабіляў  і мотатэхнікі. А даведацца, як працуе самая грозная зброя,  зенітна-ракетны комплекс С-300,  можна на цэнтральнай плошчы горада. Тут пройдзе дэманстрацыя ўзбраенняў сучаснай арміі. А таксама выступленні кавер-груп, бардаў і вулічных музыкантаў. 

Гомель

У Гомелі Дзень Перамогі пачнецца з урачыстага шэсця "Беларусь памятае". Ветэраны, спартсмены і творчая моладзь пройдуць па цэнтральнай вуліцы горада і ўскладуць кветкі да брацкай  магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў. Запланаваныя гістарычныя рэканструкцыі і пачастункі салдацкай кашай.

Магілёў

У Магілёве па традыцыі галоўным месцам урачыстасцяў стане Буйніцкае поле. Шэсце-парад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пройдзе па галоўнай вуліцы горада да плошчы Леніна, дзе ў суправаджэнні аркестра пройдуць падраздзяленні воінскіх часцей. Жыхароў і гасцей  горада чакае і святочны канцэрт.

Кульмінацыяй свята ва ўсёй краіне стане яркі салют.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя