Святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх кутках Брэста

6 Верасня 2019

Літаральна гадзіна застаецца да пачатку грандыёзнага святочнага дзейства. Урачыстасці будуць праходзіць цэлых тры дні. 
Так што гасцям і жыхарам горада сапраўды будзе што паглядзець. 

Ну а ўсім, хто не змог прыехаць у Брэст, наш карэспандэнт Марыя Тройніч  перадасць атмасферу горада-юбіляра і распавядзе аб самых яркіх мерапрыемствах.

Брэст гатовы адзначыць свой дзень нараджэння ярка і маштабна.
Горад з самай раніцы прымае віншаванні. Асноўныя святочныя мерапрыемствы пачнуцца з плошчы Леніна. У новым лялечным тэатры пройдзе фестываль тэатраў і кніг.
Гледачы ўбачаць беларускія і замежныя спектаклі. А ва ўнутраным дворыку тэатра разгорнуцца міжнародны кірмаш і інтэрактыўныя зоны для дзяцей. 

Святлана Сямашка, начальнік аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама: "Гэта сапраўды вялізнае дзейства, якое будзе доўжыцца тры дні. Трыццаць спектакляў, шэсць краін, вялікія кніжныя кірмашы, сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы - усё для нашых дзяцей, будучыні Брэста,  але і не толькі для нашых дзяцей - для гасцей таксама".

 Вялікім падарункам для брэстаўчан стане адкрыццё Заходняга абходу. Новы мост звяжа магістралі і пагранпераходы. Па дарозе пусцяць вялікагрузныя машыны, якія едуць праз горад транзітам. Новы пуцеправод  стане самай вялікай развязкай у краіне. Яркім акордам першага святочнага дня стане шоу "Горад святла". На ім выступіць сусветная зорка, экс-саліст групы Deep Purple Джо Лін Цёрнер.