Святочныя гулянні праходзяць у кожным раёне Мінска

9 мая 2016

Святочны настрой зараз адчуваецца ва ўсім горадзе: гуляюць у кожным раёне Мінска. Ва ўсіх усмешкі на тварах, напэўна, гэтак жа, як і ў Дзень Перамогі 71 год таму. Нашы здымачныя групы працягваюць працаваць ва ўсіх кутках сталіцы. На прамую сувязь са студыяй з парку Перамогі выходзіць Ксенія Рабчынская (прамое ўключэнне).

Настрой зараз ва ўсіх выдатны, людзей у парку Перамогі шмат, сюды прыходзяць сем'ямі, з дзецьмі.

Некалькі гадзін таму тут пачаўся святочны канцэрт, ён прадоўжыцца да пяці вечара, так што часу далучыцца да свята яшчэ дастаткова. А роўна ў 12:30 у парку Перамогі пачаўся ўсебеларускі забег адважных.

Па традыцыі, адным з галоўных святочных пунктаў на карце Мінска стала пляцоўка ля Палаца спорту. Тут разгарнуўся горад майстроў, а яшчэ пройдуць некалькі спартыўных флешмобаў і нават спаборніцтвы па сілавым экстрыме. Прыходзіце, будзе цікава! У іншай стылістыцы святкуюць Дзень Перамогі ў Верхнім горадзе. Тут праходзіць канцэрт, прысвечаны новаму турыстычнаму сезону. Шмат песень і музыкі, атмасфера святочная.

Можна сёння адправіцца і ў адзін з паркаў сталіцы - святочныя праграмы чакаюць у парку Чалюскінцаў, Лошыцкім, Батанічным садзе і, вядома, у парку Горкага.

Усяго ж толькі на карце Мінска геатэг "Перамога" размясціўся ў 80 пунктах. Колькі святочных пляцовак па ўсёй краіне, падлічыць цяжка, але што дакладна можна сказаць - не сумна нідзе. Так што па святочны настрой сапраўды варта выйсці з дома.