Святочную праграму да 9 Мая падрыхтавалі ў кожным раёне вобласці

8 мая 2018

Ва ўсіх гарадах заўтра пройдуць урачыстыя мітынгі, канцэрты і абавязкова салюты. Сёлета ў Крупскім раёне вырашылі павіншаваць кожнага ветэрана напярэдадні свята асабіста. Старшыня райвыканкама і яго намеснікі ў гэтыя дні, пакінуўшы адміністрацыйныя справы, віншуюць ветэранаў дома. Рыхтуюць у раёне і святочную праграму – пераможны вальс, выставу дзіцячага «Салюта Перамогі» і Алею славы. Больш падрабязна Наталля Кезік.

Калі пачалася вайна, Надзеі Кузьмінічне было 14. Тату адразу забралі на фронт, праз некаторы час немцы забілі маму і брата. У ваенныя гады Надзея Кузьмінічна працавала прачкай, затым медсястрой у шпіталі, дзе напрыканцы вайны выпадкова сустрэла бацьку. Ён вярнуўся з вайны жывым.

Пераможнае світанне яны разам сустрэлі пад Венай, затым наладжвалі жыццё ў Мінску. А пасля Надзея Кузьмінічна выйшла замуж і засталася тут, у Крупках. Больш за паўстагоддзя яе дом упрыгожвае чырвоная зорка. Жывым сведкам ваенных падзей – асаблівая пашана і ўвага.

Моладзь і дзеці штогод актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы да Дня Перамогі. Тых ветэранаў, якія па стане здароўя не могуць трапіць на ўрачыстасць, віншуюць дома. Усім героям майскага свята прысвячаюць сваю творчасць.

Два тыдні юныя мастакі малявалі свой салют Перамогі. У дзіцячых работах гэта і праводзіны на вайну, і вызваленне, і партрэты сваіх герояў-прадзедаў. Да свята з дзіцячых работ абавязкова створаць выставу тут, у гарадскім парку.

У экспазіцыі будзе і малюнак Антаніны. Яна адлюстравала момант развітання жанчыны з мужам, які адпраўляецца на вайну. Перад тым як пачаць вымалёўваць сюжэты, у мастацкай школе дзеці слухалі гісторыі пра тую жудасную вайну.

Да свята стварылі ў Крупках і ўласную Алею славы. На ёй дваццаць фотаздымкаў герояў вайны. Адзінаццаць з іх нарадзіліся на гэтай зямлі. А побач з алеяй дрэва з сапраўднымі франтавымі пісьмамі. На пажоўклых аркушах выведзены галоўныя і чуллівыя словы тых, хто пад кулямі абараняў свой край.

З пажаданняў моцнага здароўя ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай ужо заўтра пачнуцца асноўныя святкаванні Дня Перамогі. А ў песнях і харэаграфічных пастаноўках прагучаць словы падзякі за 73-ці мірны май.