Святочны настрой зараз адчуваецца ва ўсім горадзе

9 мая 2015

Святочны настрой зараз адчуваецца ва ўсім горадзе: гуляюць не толькі ля стэлы "Мінск - горад-герой", дзе завяршыўся парад, але і ў парках. На плошчы Перамогі зараз працуе наш карэспандэнт Ксенія Рабчынская (прамое ўключэнне).

Са святам! Настрой сапраўды выдатны - у парках гуляюць сем'ямі, дзеці атрымліваюць асалоду ад сонечнага вясновага дня і паўсюль адчуваецца атмасфера свята Перамогі, сёлета асабліва. Куды адправіцца - тут выбар вялікі: па ўсім горадзе размешчаныя канцэртныя пляцоўкі. Напрыклад, літаральна паўгадзіны таму свята пад назвай "Майскі вальс" пачалося ў парку Горкага. Тут можна не толькі паслухаць музыку, але і пакаштаваць сапраўдную салдацкую кашу. Усім падабаецца, асабліва самым маленькім беларусам.

Мае калегі, якія зараз працуюць у горадзе, перадаюць, што налічылі як мінімум паўсотні святочных пляцовак толькі ў Мінску. Колькі іх па ўсёй краіне, падлічыць складана. Але вось што можна сказаць дакладна: сумна сёння не будзе нідзе і нікому. У праграме больш за сем дзясяткаў мерапрыемстваў - вось такая сімвалічная выпадковасць у дзень святкавання 70-годдзя Перамогі. Асноўнай святочнай пляцоўкай стаў парк Перамогі. Пра тое, што адбываецца там, мы раскажам у наступных выпусках. Таксама варта прагуляцца да Палаца спорту - там размясціўся горад майстроў і ўжо пачаўся святочны канцэрт. Акрамя таго, у горадзе можна паглядзець тэатралізаваныя пастаноўкі, паўдзельнічаць у гульні ў "Зарніцу" або атрымаць асалоду ад выступлення вулічных музыкантаў.

Калі вы ўсё яшчэ дома, то абавязкова выходзьце на прагулку. Не пашкадуеце!