Святочная атмасфера ахапіла ўсе куткі беларускай сталіцы

9 мая 2019

Жыхароў і гасцей  сёння чакае насычаная праграма. Канцэрты, флэшмобы, народныя гулянні і гандлёвыя рады  размясціліся ў кожным раёне горада. А вось самыя моцныя і  вынослівыя сабраліся ў парку Перамогі. Тут стартаваў "Забег адважных". Хто фінішаваў першым, даведаемся ўжо зараз. 

На сувязі наш карэспандэнт Аляксандр Харавец (прамое ўключэнне). Добры дзень! І які настрой  пануе сярод удзельнікаў?

Добры дзень! Самы што ні на ёсць пераможны! Тысячы беларусаў ад малога да вялікага выйшлі сёння на няпростую дыстанцыю ў парку Перамогі, каб пад мірным небам пераадолець хто некалькі сотняў, а хто і некалькі  тысяч метраў з перашкодамі. Прычым узрост самых юных удзельнікаў усяго  4 гады.

Пад песні ваенных  гадоў спартсмены-аматары пераадольваюць пантонную пераправу, водныя перашкоды, штурмуюць стромкую  сцяну і сапраўдныя браневікі. На фінішы кожнага ўдзельніка чакае памятны медаль. Зрэшты,  як самі прызналіся нам бегуны, не дзеля ўзнагароды яны сёння прыйшлі на такія  няпростыя спаборніцтвы. А каб усім разам парадавацца  пераможнаму маю, сказаць дзякуй ветэранам і  чарговы раз паказаць усяму свету, што Беларусь памятае, якой цаной нам дасталося мірнае жыццё. 

У парку Перамогі спаборніцтвы будуць працягвацца яшчэ каля гадзіны. Ну а затым удзельнікі перамесцяцца на іншыя святочныя пляцоўкі. Да прыкладу,  ля  Палаца спорту ўжо пачаўся святочны канцэрт і адкрыўся кірмаш. А прыблізна праз 50 хвілін стартуе і міжнародны турнір па сілавым экстрыме. 

А вось гістарычны цэнтр Мінска - Верхні горад - ператворыцца ў вялікую танцавальную пляцоўку. Пары будуць кружыцца ў вальсе, танга, пасадоблі  пад адкрытым  небам. І гэта далёка не ўсе святочныя геатэгі, мы з калегамі працягнем сачыць за жыццём горада. На шчасце, сіноптыкі абяцаюць, што надвор'е да вечара застанецца сонечным. Таму кожны можа стаць часткай вялікага свята на вуліцах горада,  дзе музыка не аціхне як мінімум да 11 вечара.