Выхоўваць новае пакаленне вернікаў і будучых святароў, дапамагаць маладым сарыентавацца ў сённяшнім неспакойным свеце - такія задачы паставіў перад сабой 1-й Праваслаўны моладзевы форум, які стартаваў сёння ў Мядзельскім раёне. Праект - ініцыятыва Маладзечанскай епархіі, якую падтрымалі мясцовыя ўлады і ў якой прымаюць удзел практычна ўсе 119 прыходаў сямі епархіяльных благачынняў. Мерапрыемствы трохдзённага форуму ўключаюць прэзентацыі ўдзельнікаў, а гэта прадстаўнікі брацтваў і сястрыцтваў, юныя вернікі з Мядзела, Валожына, Стоўбцаў, Івянца і іншых куткоў Міншчыны. Хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 30 гадоў чакаюць інтэлектуальныя гульні на праваслаўную тэматыку, экскурсіі па Мядзельскім краі, удзел у царкоўных службах, зносіны са святарамі, музычныя вечары. Форум аб'яднаў больш за сто маладых людзей. Некаторыя з іх уцаркоўлены з дзіцячых гадоў, хтосьці робіць толькі першыя крокі ў спазнанні праваслаўнай веры.
Праваслаўны моладзевы форум - выпрабавальны праект Маладзечанскай епархіі. Але ўжо сёння арганізатарам зразумела - ён стане традыцыяй. У планах пашырыць часавыя рамкі і праграму злёту: збіраць моладзь на 6-7 дзён, праводзіць круглыя сталы, лекцыі, задзейнічаць хлопцаў і дзяўчат у сацыяльным жыцці, прыцягваючы іх да дапамогі старым і нямоглым людзям, да дзяцей-сірот. Канчатковая мэта форуму - дапамагчы маладым людзям раскрыць у сабе лепшыя якасці і пераканацца ў галоўнай ісціне праваслаўя: вера - гэта перш за ўсё любоў да блізкага.













