Праваслаўны свет адзначае Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

5 июня 2020
Праваслаўны свет сёння адзначае Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай - нябеснай апякункі Беларусі. Пасля боскай літургіі ў Сафійскім саборы, а менавіта тут пачынаўся духоўны шлях прападобнай, вернікі пад гукі званоў адправіліся ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Па шляху - набажэнствы ля помніка Еўфрасінні Полацкай і Мікалаю Цудатворцу. Асаблівы гэты дзень для насельніц манастыра. Да свята яны ўпрыгожваюць яго дыванам з жывых кветак. 

На тэрыторыі манастыра паломнікаў сустракаюць крыжом Еўфрасінні. Гэта дакладная копія згубленай падчас вайны рэліквіі. Еўфрасінню Полацкую аднолькава шануюць і праваслаўныя, і католікі. Яна стала першай беларускай жанчынай, прылічанай да ліку святых. Еўфрасіння Полацкая займалася вялікай асветніцкай дзейнасцю: будавала храмы, перапісвала кнігі. Дзякуючы яе працы Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр стаў цэнтрам духоўнасці і асветы.