Праваслаўны крыж, выраблены беларускімі майстрамі, будзе ўсталяваны на Паўночным полюсе

7 февраля 2013
На сабачых запрэжках ён праедзе 4 тысячы кіламетраў. Гэты шлях праз Арктыку не праходзіў ні адзін чалавек на Зямлі.
Гэты страсны крыж ужо праз тыдзень паедзе ў Маскву. Там яго перададуць свяшчэнніку Фёдару, вядомаму ў першую чаргу як падарожнік Фёдар Конюхаў. За сваё жыццё ён здзейсніў ужо 4 кругасветныя падарожжы і больш за паўсотню ўнікальных марскіх экспедыцый. У новую, пачатак якой запланаваны на красавік, возьме з сабою і беларускі крыж.
Паводле слоў свяшчэннікаў, не выключана, у гэты час Фёдар Конюхаў па тэлефоне звяжацца з Уладзімірам Пуціным. Ідэя ўсталёўваць праваслаўныя крыжы ў месцах, куды рэдка ступала нага чалавека, узнікла ў падарожніка ўжо даўно. Адзін з іх - выраблены ў Бабруйску сябрамі Фёдара, знаходзіцца на мысе Горан у Чылі, другі - у Эфіопіі.
Новы, зроблены ў Мінску айцом Уладзімірам, будзе ўсталяваны недалёка ад месца, дзе сыходзяцца ў адзін пункт усе мерыдыяны і гадзінныя паясы Зямлі.
Аб ідэі пакінуць праваслаўны крыж на Паўночным полюсе Фёдар распавёў яшчэ ў лістападзе ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму тэлеканалу.
З нашай краінай Фёдара Конюхава звязвае не толькі духоўная, але і прафесійная сувязь. 40 гадоў назад ён вучыўся ў Бабруйску і атрымаў спецыяльнасць разьбяра па дрэве. Праз гады ён ужо не проста мастак, падарожнік, але і свяшчэннік - прывёз у Мінск дабрачынную выставу сваіх карцін. Усе сродкі былі накіраваныя на ўзвядзенне храма Богаяўлення ў сталічным мікрараёне Лошыца.
Экспедыцыя, у якую адправіцца свяшчэннік, скончыцца толькі ў жніўні. Разам з карэльскім падарожнікам Віктарам Сіманавым Фёдар праедзе 4 тысячы кіламетраў на сабачых запрэжках. Гэты маршрут праз Арктыку яшчэ не праходзіў ні адзін чалавек на Зямлі.
На стварэнне крыжа ў айца Уладзіміра, які займаецца разьбярствам па дрэве ўжо шмат гадоў, пайшло каля двух месяцаў. Яго вышыня 2 метры 40 сантыметраў, і выкананы ён паводле ўсіх праваслаўных канонаў. Драўніну спецыяльна прывезлі з Іркуцкай вобласці Расіі - лістоўніца не баіцца вільгаці і перападаў тэмператур.
Святыню, распавялі нам у царкве, можна будзе ўбачыць і ў Мінску.
Айцец Уладзімір спецыяльна зрабіў два аднолькавыя крыжы. Вось гэты адправіцца з Фёдарам Конюхавым на Паўночны полюс, а яго дакладная копія застанецца ў храме Богаяўлення ў Мінску.
Паглядзець на копію крыжа можна ўжо сёння ў Богаяўленскім прыходзе. З завяршэннем будаўніцтва аднайменнага храма гэта святыня зойме там ганаровае месца.