Праваслаўныя вернікі сёння ўступаюць у Вялікі пост

27 февраля 2017

Доўжыцца ён 40 дзён - завершыцца 15 красавіка. Гэта час падрыхтоўкі да Светлага Хрыстовага  Уваскрэсення - Вялікадня. У гэты час варта выключыць мясныя і малочныя прадукты, сметанковае масла і яйкі. Трэба пазбягаць і шумных забаў. Пост яшчэ і час пакаяння, малітвы, а таксама добрых спраў.

Протаіерэй Уладзімір Далгаполаў, настаяцель прыхода храма Свяціцеля Кірылы Тураўскага: "Для сучаснага чалавека гэта яшчэ і інфармацыйны пост - пра яго мы часта забываем. За наша жыццё мы можам турбавацца вельмі пра многае, мы можам слухаць розныя навіны, якія напроста да нас нават і не датычацца, і ўсіх сябе марнаваць на гэтыя мітуслівыя клопаты. У той жа час не пакідаем увагі і любові для тых, хто знаходзіцца побач, для нашых дзяцей, бацькоў, блізкіх, якія заўсёды чакаюць зносін з намі. Давайце ўсе будзем памятаць пра гэта і па-хрысціянску будзем трымаць Вялікі пост".

А ў сераду, 1 сакавіка, у Вялікі пост уступаюць і каталікі. Дарэчы, свята Уваскрэсення сёлета 16 красавіка адначасова сустрэнуць праваслаўныя, каталікі і пратэстанты.