Праваслаўныя сёння адзначаюць Праабражэнне Гасподняе або Яблычны Спас

19 августа 2016

Праваслаўныя сёння адзначаюць адно з дванаццаці вялікіх святаў царкоўнага календара - Праабражэнне Гасподняе. У народзе гэты дзень называецца Яблычным Спасам.

Сімвалам свята з'яўляецца яблык. Традыцыйна прынята лічыць, што менавіта ў сярэдзіне жніўня на ўсходнеславянскіх землях гэты плод набірае сваю поўную сілу. Яблыкі, як і іншыя дарункі саду, сёння прынята прыносіць у царкву і асвячаць. Гэта сімвалізуе павагу вернікаў да Хрыста, жаданне падзяліцца з ім сваім ураджаем і атрымаць магчымасць праабражэння разам з Богам.

Іерэй Уладзімір Далгаполаў, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора г. Мінска: "Мы прыносім усё самае лепшае для таго, каб прысвяціць гэта Богу, аддзяліць ад усяго астатняга і прысвяціць менавіта Яму. Праз гэта мы сустракаемся з Богам. Але мы не павінны на гэтым спыняцца, мы павінны ісці далей і памятаць, што гэтая сустрэча з Богам павінна змяніць наша жыццё. Памятаць тое, што мы самі павінны змяніцца па вобразе Хрыста, прытрымлівацца Яго шляху, які нам дастаўся ў Евангеллі. І праз гэта і наша жыццё ўсё зменіцца, і мы таксама ўбачым тое выдатнае святло, якое бачылі на Фаворы Пётр, Якаў, Іаан - найбліжэйшыя вучні Хрыста".

Святарства ў гэты дзень апранае белае адзенне, у храмах праходзяць святочныя літургіі. У малітвах успамінаецца адна з галоўных падзей Евангелля, калі на гары Фавор Ісус з'явіўся троім сваім вучням у выглядзе воблака, тым самым падкрэсліўшы: за зямным фізічным жыццём будзе жыццё нябеснае і духоўнае.