Сёння праваслаўныя адзначаюць Яблычны Спас або Праабражэнне Гасподняе

19 августа 2013

Духоўны сэнс свята - нагадаць чалавеку пра неабходнасць яго ўнутранага ператварэння. Сёння прынята асвячаць фрукты і ўпершыню спрабаваць яблыкі новага ўраджаю. З гэтым днём у нашых продкаў звязана нямала павер'яў і легенд.


Каб даведацца пра іх, наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская сустрэлася з галоўным этнографам краіны.


Самы біблейскі - плод пазнання - сёння спраўляе свята. А яшчэ самы народны і таямнічы. Шмат казак і загадак пра яблыкі, яблыні і Спас са старажытнасці захавалі беларусы. І лепш, чым першы этназнаўца краіны Іван Крук пра іх не раскажа ніхто.


Стагоддзе таму першую яблыню пасадзіў бацька будучага этнографа, цяпер сам Іван Іванавіч не проста працягвае традыцыю - па-мічурынску эксперыментуе. Грушы і слівы, маліннік і цяпліцы з памідорамі - у сям'і багатая гаспадарка, але яблыню тут шануюць асабліва. Нават старыя, бясплодныя дрэвы не спілоўваюць.


Яблыня - дрэва радаводу, сувязі паміж нашчадкамі і продкамі. Пра яе сакрэты яшчэ хлопчыку Круку расказвала бабуля, мясцовая знахарка, якая перадала ўнуку і свой дар, і цікавасць да народнай культуры. Сёння веды ўсіх бабулек Беларусі Крук збірае разам з жонкай і калегай Аксанай Катовіч. У іх сямейнага падрада шэраг даследаванняў і кніг, лепшыя рэцэпты яблычнага джэму і пірага.


У мінулым годзе ў Беларусі быў сапраўдны яблычны рай, а сёлета пладоў у садзе Крука, як і па ўсёй краіне, малавата. Зрэшты, па Яблычным Спасе можна меркаваць пра ўвесь ураджай года.


Прыйшоў Пятрок - сарваў лісток. Прыйшоў Ілья - сарваў два. Прыйшоў Спас - забраў лета ад нас. У народзе лічаць, што Яблычны Спас - памежжа ў земляробчым календары. Надыходзіць восень, мяняецца прырода.


Спас Яблычны завуць асенінамі. Нарыхтоўка яблыкаў і падрыхтоўка яблыневага сада да зімы - вось чым сёння, нягледзячы на свята, займаліся Крукі. У вёсцы дзень год корміць. Да таго ж яблыневы сад - іх аддушына.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя