Праваслаўна-каталіцкі форум упершыню пройдзе ў Мінску ў пачатку чэрвеня

15 апреля 2014
Гэта будзе сустрэча ў нефармальных абставінах іерархаў адразу дзвюх хрысціянскіх канфесій. Пра гэта сёння журналістам заявіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч. Сёлета форум пройдзе чацвёрты раз. Да гэтага яго прымалі грэчаскі Родас, партугальскі Лісабон і італьянскі Трэнта.


Часцінка Беларусі неўзабаве з'явіцца на Святой Зямлі. У Іерусаліме ўжо амаль завяршылася ўстаноўка мазаікі Маці Божай Будслаўскай. Яе памер - 2,5 метра на 70 сантыметраў. Зверху будзе знаходзіцца сама выява цудатворнага абраза. Знізу - малюнкі санктуарыя ў Будславе і надпіс Беларусь.

Тадэвуш Кандрусевіч, архіепіскап, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі: Кожны народ сваю нацыянальную святыню хоча там мець. Прыйшоў час, каб таксама і Беларусь мела. Два з паловай гады таму мы ўсталявалі табліцу з малітвай Ойча наш у Іерусаліме, цяпер усталёўваецца ўжо гэтая мазаіка Маці Божай Будслаўскай - наша нацыянальная святыня. Яе асвячэнне адбудзецца 28 чэрвеня. Мы мяркуем, што каля 1000 чалавек могуць паехаць туды.

Мітрапаліт таксама адзначыў, што сёлета светлае свята Вялікадня каталікі і праваслаўныя адзначаюць разам. У Вялікую суботу тэлеканал Беларусь 1 у 21:40 пакажа прамую трансляцыю велікоднага набажэнства. Упершыню - з архікафедральнага касцёла Ісуса Міласэрнага ў Віцебску. А ў 23:40 пачнецца прамая трансляцыя галоўнай праваслаўнай службы з мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора.