Правілы дарожнага руху з новымі папраўкамі

23 октября 2013
У Беларусі з заўтрашняга дня ўступаюць у сілу новыя папраўкі ў заканадаўства, якія датычацца правілаў дарожнага руху, а менавіта, кіравання аўтамабіляў нецвярозымі вадзіцелямі. Штрафы за п'яную язду павялічацца ў 3 разы, а максімальная адміністрацыйная адказнасць з 24 кастрычніка складзе 13 мільёнаў рублёў. Той жа, хто двойчы на працягу года трапіць за рулём пад градусам, рызыкуе расстацца не толькі з круглай сумай, але і з аўтамабілем. Транспартны сродак у гэтым выпадку маюць поўнае права канфіскаваць. Прычым, абсалютна не важна, каму належыць аўто. А калі п'яны вадзіцель яшчэ і стаў віноўнікам ДТЗ, у якім пацярпелі або загінулі людзі, у сілу ўступае ўжо Крымінальны кодэкс.

Нецвярозы вадзіцель, па віне якога ў аварыі атрымаў цяжкія пашкоджанні альбо загінуў чалавек, зараз можа атрымаць тэрмін ад 6 месяцаў да 7 гадоў пазбаўлення волі. За гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне п'янага прадугледжана ад 4 да 10 гадоў турмы. І ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакарання за такія злачынствы ў кодэксе зараз прадугледжана не будзе. Дарэчы, новая адказнасць будзе распаўсюджвацца не толькі на беларусаў, але і на вадзіцеляў-іншаземцаў.