Прах Змітрака Бядулі сёння перапахаваюць у Мінску

3 ноября 2020

Гістарычны дзень для беларускай літаратуры. Прах пісьменніка Змітрака Бядулі сёння перапахаваюць у Мінску. Астанкі загінуўшага 77 гадоў таму паэта і празаіка ў лютым гэтага года транспартавалі ў нашу краіну з Казахстана. І гэтымі хвілінамі ў беларускай сталіцы праходзіць памятная цырымонія.

На месцы падзей працуе наш карэспандэнт Лідзія Заблоцкая.

Зараз наша здымачная група знаходзіцца ў філіяле Музея гісторыі беларускай літаратуры. Фактычна цэнтр Мінска ў "Беларускай хатцы". І гэтымі хвілінамі сапраўды важная гістарычная падзея. Прах Змітрака Бядулі прывезлі фактычна да яго хаты. Менавіта ў гэтых сценах пісьменнік жыў з сёстрамі з 1914-га па 1918-ты гады. Тут жа асабіста Бядуля прытуліў у свой час і не менш легендарнага класіка літаратуры - Максіма Багдановіча. Тут, у адноўленых інтэр'ерах пакоя, ужо гадзіну праходзіць развітанне са знакамітым аўтарам "Палескіх быляў".

Нагадаем, што прах - у прамым сэнсе - вярнулі на Радзіму праз 77 гадоў. Аўтар памёр менавіта 3 лістапада ад інсульту на тэрыторыі Казахстана. Паездка стала вымушанай эвакуацыяй з-за пачатку вайны. Таму сёння цырымонія менавіта ў гэту дату сімвалічная. Пытаннямі перапахавання задаваліся і ў часы Савецкага Саюза. Асабліва гэта было важна для родных аўтара. Яны спрабавалі перавезці астанкі 6 разоў. Сёння тут сын Самуіла Плаўніка. Мы ўзялі ў яго невялікі каментарый перад цырымоніяй.

Гістарычная падзея для беларускай культуры

Працэс пачаўся роўна год таму, арганізацыю перапахавання зыніцыяваў швейцарскі Фонд Марыі Магдалены. Па жаданні і з дазволу родных беларускага класіка спецыялісты правялі эксгумацыю астанкаў і прывезлі іх з Казахстана. Акрамя таго, у Мінску знаходзіцца і дэмантаванае надмагілле. З лютага прах знаходзіўся ў Свята-Ільінскім праваслаўным храме Бабруйска.

І вось, нарэшце, перамовы аб тым, калі і дзе правесці цырымонію гістарычнага перапахавання, вырашыліліся. Літаральна сёння раніцай урну з прахам прывезлі з Бабруйска, там здзейснілі развітальнае адпяванне. Пасля цырымоніі развітання прах Змітрака Бядулі ўрачыста перапахаваюць на Усходніх могілках Мінска.