21 ліпеня на тэрыторыі Беларусі чакаецца такое геамагнітнае становішча: ад пачатку сутак і прыкладна да 3 гадзін ночы прагназуецца магнітная бура, далей геамагнітны фон будзе знаходзіцца ў межах ад слабаўзбуранага да ўзбуранага, а прыкладна з 21 гадзіны зноў прагназуецца магнітная бура. Будзьце, калі ласка, уважлівыя да свайго самаадчування.
У народным календары пазначаны тры прысвяткі - Градавы дзень, Пракоп і каталіцкі прысвятак Данат. У праваслаўным царкоўным календары - дзень памяці Казанскай іконы Божай Маці. Таму яшчэ гэты прысвятак называюць Казанская.
Народных прыкмет пра надвор'е на 21 ліпеня вельмі шмат. Вось некаторыя з іх: калі на Казанскую чарніцы паспяваюць, то паспела і жыта. Якое надвор'е ў гэты дзень, такое будзе і 2 жніўня. Дождж без ветру - да працяглай непагадзі.
Інфармацыя з гісторыі метэаназіранняў. Самая нізкая начная тэмпература паветра была зафіксавана ў Горках у 1956 годзе - каля 5 градусаў цяпла, а дзённы тэмпературны максімум адзначаны ў 2010-м у Брагіне - амаль 35 градусаў вышэй за нуль.













