24 июня 2019

Сёння надвор'е на тэрыторыі Беларусі ў асноўным вызначала вобласць павышанага атмасфернага цiску. Уначы i ранiцай месцамi па паўднёвым усходзе краiны адзначалiся навальнiцы. Удзень у асобных раёнах Гомельскай вобласцi максімальная тэмпература паветра дасягала 30-31 градуса цяпла.

Заўтра магнітных бур на тэрыторыі нашай краіны не прагназуецца.

Геамагнітны фон  слабаўзбураны.

25 чэрвеня ў народным календары пазначаны два прысвяткі - Пётр i Анапрэй. Паводле народных прыкмет, у гэты дзень сонца скарачае свой ход, робіць паварот. Казалі: “З Пятра Паварота сонца пайшло на зіму, а лета на спякоту”. У гэты дзень заўсёды пачыналася сяўба грэчкі. Казалі: “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ”.

Крыху цікавай інфармацыі з гісторыі метэаназіранняў: самая нізкая начная тэмпература паветра была ў Васілевічах у 1910 годзе - амаль 2 з паловай градусы цяпла, а дзённы тэмпературны максімум адзначаны ў Брагiне ў 1957 - звыш 33 градусаў цяпла.