Пазнавальныя гульні пад адкрытым небам

14 сентября 2016

Звыш сотні школьнікаў сталіцы адправіліся вывучаць гістарычныя будынкі і скверы. Такія заняткі ладзяць ў Мінску штогод. Навучэнцам паказваюць, як арыентавацца ў горадзе і знаёмяць з гісторыяй архітэктурных і прыродных помнікаў. У квэсце паўдзельнічаў і Ян Пашкевіч.

На патаемныя вулачкі сталіцы Марыну Шарпілу прывяло не паляванне на пакемонаў - тут школьніца шукае жывую гісторыю Мінска. За дзве гадзіны яе камандзе з дзесяці следапытаў трэба не толькі хутка дайсці да пэўнага месца, але і знайсці адказы на загадкі з яго мінулага.

Гісторыка-геаграфічным атласам амаль для сотні школьнікаў з дзевяці раёнаў сталіцы стаў увесь горад – яго скверы і старажытныя будынкі. Адзін з пяці адукацыйных прыпынкаў - ганаровы пост нумар 1. Сюды некаторыя ўдзельнікі квэсту яшчэ вернуцца, толькі, ужо каб несці варту памяці.

Якія знакамітыя акцёры стаялі ля вытокаў тэатральнага мастацтва нашай краіны і якія спектаклі прывабліваюць гледачоў сёння – юным даследчыкам прыйшлося на час пераўвасобіцца ў тэатральных крытыкаў і культуразнаўцаў.

На адным з этапаў квэсту удзельнікам прапанавалася даведацца больш і пра гісторыю Белтэлерадыёкампаніі, пытанні задавалі адразу на лесвіцы будынку Беларускага радыё.

У лабірынце гарадскіх праспектаў і вуліц кожная каманда арыентавалася самастойна. Удзельнікі мелі толькі фотападказкі, па якіх трэба было здагадацца, дзе знаходзіцца чарговы гістарычны прыпынак.

Аналагічны «інтэрактыўны экзамен» для юных следапытаў будуць ладзіць і ў кастрычніку. На пошукі багатай скарбніцы ведаў аб родным горадзе школьнікі выйдуць у сталічны парк імя Марата Казея.