Пажарнай службе МНС Беларусі - 166 гадоў

25 июля 2019

Яны заўсёды спяшаюцца на дапамогу! Пажарнай службе МНС Беларусі сёння сто шэсцьдзясят шэсць! Ратавальнікі Мінскай вобласці аператыўна змагаюцца з вогненнай стыхіяй, ліквідуюць аварыі на нафта- і газаправодах. Пры гэтым галоўнай задачай застаецца выратаванне жыццяў.
Каб удасканаліць прафесійнае майстэрства і зладжанасць дзеянняў, падраздзяленні рэгулярна праводзяць тактычныя вучэнні.

На паласе перашкод разам з ратавальнікамі пабываў і Ілья Цвяткоў. Блізнятаў Кірыла і Арцёма Чарнашэяў адрозніць цяжка не толькі на твар, але і ў прафесіі. Абодва ўжо дзевяць гадоў паспяхова нясуць службу ў падраздзяленнях МНС. Захапіліся нялёгкай працай вогненных байцоў яшчэ ў школе — разам вырашылі асвоіць майстэрства ратавальнікаў. Сёння абодва начальнікі пажарных часцей у Мінскім раёне.
Амуніцыя і тэхнічныя магчымасці ратавальнікаў за гады вельмі змяніліся. Новыя спецыяльныя ахоўныя касцюмы, дапаможны інструмент, а таксама ўніверсальная тэхніка сёння прыйшлі на змену цяжкай і не вельмі зручнай экіпіроўцы. Вось так, напрыклад, некалькі дзесяцігоддзяў таму выглядаў апарат для дыхання пажарных. Ён важыў больш за пятнаццаць кілаграмаў і меў дастаткова складаны прынцып дзеяння: ён у літаральным сэнсе перапрацоўваў вуглякіслы газ і рабіў з яго кісларод.

Сучаснае вогнеўстойлівае адзенне дазваляе ў некалькі разоў павялічыць час працы ў экстрэмальных умовах, а пажарныя разлікі зараз здольныя перавозіць больш за дзесяць тон вады за адзін выезд.
Нязменнымі застаюцца эмоцыі. Кожны выезд на выклік – гэта найперш адказнасць за тых, каму патрэбна дапамога. Праца ў камандзе патрабуе максімальнай канцэнтрацыі. Бо часам ад зладжанасці дзеянняў ратавальнікаў напроста залежыць колькасць выратаваных жыццяў.
Сёння ратавальнікі Мінскай вобласці выконваюць розныя баявыя задачы: ад ліквідацыі аварый на вытворчасці да тушэння пажараў у жылых будынках і дапамогі іншым аварыйным службам. Каб падтрымліваць форму, праводзяць рэгулярныя вучэнні. Штурмуюць пажарныя лесвіцы і праходзяць праз вогненныя палосы перашкод.

Актыўна развіваецца і беларускі пажарна-выратавальны спорт. Дарэчы, прадстаўнікі Мінскай вобласці традыцыйна сярод лепшых у краіне. Штогод у сталіцы праходзяць рэспубліканскія спаборніцтвы. А ўжо ў верасні дзесяць лепшых беларускіх ратавальнікаў адправяцца на чэмпіянат свету ў Саратаў.