Віншаванні ад нашых палярнікаў з Паўднёвага полюса

31 декабря 2016

Аляксей Гайдашоў і яго каманда падышлі да берагоў тры дні таму. 42 гадзіны ішла ўсталёўка беларускага абсталявання пасля разгрузкі з борта расійскага судна "Акадэмік Фёдараў". Маштабная грузавая паветраная аперацыя прайшла паспяхова. У выніку сабраныя і ўсталяваныя платформа і першы модуль другога аб'екта беларускай палярнай станцыі.

Аляксей Гайдашоў, кіраўнік беларускай антарктычнай экспедыцыі: "Працэс ідзе, дынаміка ёсць, наступны Год навукі, аб’яўлены ў Беларусі на 2017, нас абавязвае працаваць так, як патрабуе цяперашні час. Поспеху нам усім, поспеху Рэспубліцы Беларусь, поспеху беларусам, здароўя моцнага, любові, павагі і дабрабыту ў сем'ях".

У 2017- Год навукі ў Беларусі - важна паказаць, што навуковы патэнцыял нашай краіны моцны і перспектыўны для сусветнай супольнасці. Таму яшчэ адным святочным віншаваннем ад нашых палярнікаў стала пажаданне тэхнічнага прарыву на аснове сучасных ведаў усёй беларускай навуцы. Нагадаем, гэты раз у Антарктыду адправіліся шэсць даследчыкаў. Экспедыцыя запланаваная да мая.