Віншаванні і словы падзякі на адрас тых, хто падарыў Перамогу, - у кожным кутку нашай краіны

7 мая 2020
Віншаванні і словы падзякі на адрас тых, хто падарыў Перамогу, гучаць у кожным кутку нашай краіны. У Гродне для двух удзельнікаў вайны арганізавалі міні-парад проста ў двары дома. Ветэрана з Пружан павіншавалі адразу з двума святамі -  гадавінай Перамогі і стогадовым юбілеем. 

Пра падзяку нашчадкаў Юрый Карняловіч.

Пад ваенныя песні і ў яблыневым садзе - на стогадовы юбілей Мікалаю Ляхоцкаму зрабілі  сапраўдны сюрпрыз

Сёння яго віншуюць не толькі з днём нараджэння, але і з 75-годдзем Вялікай Перамогі. Ветэран прызнаецца: самы першы Дзень Перамогі ён запомніў на ўсё жыццё. Увесну 1945-га ён паранены ляжаў у шпіталі, калі ў палату забег салдат з радасным крыкам: "Вайна скончылася!".
Мікалай Іванавіч пайшоў на фронт у 1944-м - быў кулямётчыкам у пяхоце. Але здарылася непрыемная памылка: пасля першага ранення прозвішча радавога запісалі ў спісы загінуўшых. Успамінае: тады калегі пасмяяліся: "Значыць, будзеш жыць сто гадоў!". Сёння ён прымае падарункі і юбілейны медаль "75 гадоў Вялікай Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне". А яшчэ папуры з любімых песень. Сярод іх - "Смуглянка" і, вядома, "Дзень Перамогі".

Да ўрачыстага маршу вайскоўцы 6-й брыгады рыхтаваліся дасканала 

У Гродне вайскоўцы 6-й асобнай механізаванай брыгады выстраіліся ў парадныя разлікі, каб прайсці ўрачыстым маршам па адной з вуліц горада. Праўда, гледачоў будзе ўсяго два, але ад гэтага мерапрыемства не менш значнае. Бо міні-парад арганізавалі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Аляксея Кузняцова і Мікалая Кісялёва прызвалі ў армію, калі савецкія войскі вялі актыўнае наступленне. Абодва ўдзельнічалі ў штурме Кенігсберга, вызвалялі Варшаву. Аляксей Міхайлавіч вызваляў яшчэ і Гродна. Ветэраны заўсёды былі ўдзельнікамі святкаванняў Дня Перамогі. Зараз, сціпла прызнаюцца франтавікі, здароўе ўжо не такое моцнае, прыйдзецца застацца дома. Таму міні-парад ад вайскоўцаў стаў прыемнай нечаканасцю.
Да ўрачыстага маршу вайскоўцы 6-й брыгады рыхтаваліся дасканала.
Гавораць, адказнасць вельмі вялікая. Бо ацэньваць выправу будуць ветэраны.
 

Сёння прымае віншаванні і Міхаіл Нікольскі. У ваенныя гады - малалетні вязень 

Сёння - прафесар Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Хоць і на пенсіі, калегі і вучні не забываюць. Бо працы прысвяціў больш як 40 гадоў. Проста ў двары дома выкладчыкі ВНУ, іх дзеці і студэнты арганізавалі канцэрт. Для Міхаіла Нікольскага прагучалі яго любімыя песні. І вершы аб Перамозе.
У гэтыя майскія асаблівыя дні ва ўсіх кутках краіны ўсё часцей гучаць словы падзякі ветэранам. Тым людзям, хто цаной свайго жыцця здабыў для нас Вялікую Перамогу.