Віншаванне з Новым годам і Раством ад Старшыні Белтэлерадыёкампаніі

30 декабря 2017

Шаноўныя тэлегледачы і радыёслухачы, дарагія сябры!

Віншую вас з Раством і Новым годам!

Творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі ўвесь 2017 год імкнулася радаваць вас новымі праектамі, арыгінальнымі ідэямі і эксклюзіўнымі трансляцыямі. Дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў нашага медыяхолдынгу, вы першымі ведалі пра падзеі ва ўсіх кутках Беларусі і за мяжой. У кожнага канала свая аўдыторыя, якая чакае новых выпускаў і праграм з любімымі вядучымі, але ўсіх нас яднае жаданне ствараць і атрымліваць цікавую, унікальную і сумленную інфармацыю.

У новым годзе вас чакае пераход на вяшчанне ў новым фармаце, якое будзе адпавядаць сучасным тэлевізійным прыёмнікам і даваць больш яркую і якасную карцінку. На нашых тэле- і радыёканалах у 2018-м з’явіцца шмат новых інфармацыйна-аналітычных і забаўляльных праектаў. Вас чакаюць прэм’еры дакументальных і мастацкіх фільмаў. Як на святочнай ёлцы з’яўляюцца яркія шарыкі, гірлянды і агеньчыкі, так і ў эфіры нашых каналаў запаляцца новыя праекты, ад якіх немагчыма будзе адарвацца.

Няхай праграмы нашага медыяхолдынгу збіраюць усю вашу сям’ю не толькі ў навагоднюю ноч! Жадаю вам моцнага здароўя і дабрабыту, поспехаў у працы і натхнення ва ўсіх пачынаннях!

З Новым годам!

Генадзь Давыдзька, Старшыня