Сёння ў Беларусі адзначаюць 7 Лістапада. На працягу многіх дзесяцігоддзяў гэта свята было галоўным у вялікай краіне Саветаў. У нас гэты дзень сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і беражлівае стаўленне да гісторыі. Наша краіна выйшла на міжнародную арэну самастойнай дзяржавай, зрабіла сур'ёзны скачок у эканоміцы, навуцы, культуры і сацыяльнай сферы. Мы не толькі захавалі, але і прымножылі свой патэнцыял, выбраўшы ўласны шлях развіцця.
З нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі беларусаў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Гэта гістарычная падзея адбылася пад знакам найважнейшых агульначалавечых каштоўнасцей - нацыянальнага адраджэння народаў і сацыяльнай роўнасці людзей. Упершыню наша краіна з'явілася на карце свету як палітычны суб'ект, а беларусы зрабілі рашучы крок да афармлення суверэннай нацыі - народа з багатымі традыцыямі, высокай культурай і законным правам на дзяржаўнасць. Правам, якое нашы бацькі і дзяды гераічна адстойвалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І сёння мы працягваем яго абараняць, пераадолеўшы геапалітычны раскол 90-х, вытрымаўшы эканамічныя крызісы, адбіваючы выклікі агрэсіўнага знешняга націску".













