Паклапаціцца аб бяспецы сваіх блізкіх

1 апреля 2017

Аператыўна знайсці і аказаць дапамогу чалавеку, які згубіўся, зараз можна будзе з дапамогай спецыяльных GPS-бранзалетаў (яны дапамогуць сачыць за перамяшчэннямі чалавека). Такая сістэма кантролю, якую ўкараняе пошукава-выратавальны атрад "Анёл", у першую чаргу будзе карысная сваякам людзей, якія маюць праблемы з памяццю.

Бяссонныя ночы і пастаянны кантроль за сваім бацькам сталі практычна ладам жыцця для мінчанкі Вольгі. Мернае жыццё пенсіянера - яе бацькі - скончылася, калі ён захварэў. Жанчына ўспамінае, што апошнія тры гады тата імкліва страчваў памяць. Да ўсіх клопатаў дабавілася і тое, мужчына збягаў з дому. Першы раз знайсці яго атрымалася з дапамогай валанцёраў. Другі раз ужо ўначы прахожыя даставілі яго ў міліцыю.

Ускладняе пошук людзей з праблемамі памяці і той факт, што самі яны не зацікаўленыя ў тым, каб іх знайшлі. У міліцыі гавораць - з такой катэгорыяй людзей працаваць складаней за ўсё. А статыстыку кожны год папаўняе ўсё больш пажылых людзей.

Каб аператыўна аказаць дапамогу чалавеку, які згубіўся, праваахоўнікі звяртаюцца і да валанцёраў. Напрыклад, атрад "Анёл" як раз і спецыялізуецца на пошуках людзей. У беларускіх валанцёраў ужо ёсць рабочы праект, які дапаможа кантраляваць людзей з праблемамі памяці з дапамогай GPS-перадатчыкаў. Такія сістэмы ўжо ёсць у многіх краінах свету. Напрыклад, у Расіі праграма называецца "Кнопка жыцця". У "Анёлаў" такая сістэма мае назву "Пад крылом".

Праект беларускіх валанцёраў ужо працуе. Чалавек далучаецца да праграмы накшталт мабільнага абанента і атрымлівае ў карыстанне GPS-бранзалет. Сёння валанцёры спадзяюцца і на разуменне і падтрымку многіх структур.

Такія праграмы існавалі ў Беларусі і раней, але яны ў асноўным накіраваныя на кантроль маленькіх дзяцей - такія паслугі аказваюць мабільныя аператары. Але ў выпадку з пажылымі, а тым больш, людзьмі з праблемамі памяці, сотавы тэлефон не панацэя. Да таго ж не кожны GPS-перадатчык будзе працаваць у маланаселеных месцах або лесе. Таму аб бяспецы сваіх блізкіх у першую чаргу павінны паклапаціцца іх сваякі.