Пацярпелыя ў Чэхіі турысты едуць дадому

7 января 2016

Паводле апошніх звестак, яны рухаюцца ў кірунку брэсцкага пункта пропуску з Варшавы. У аўтобусе знаходзяцца 38 пасажыраў. Гэта не ўся група. Частка пацярпелых яшчэ знаходзіцца ў Чэхіі. З імі працуюць дыпламаты з беларускага консульства. Нагадаем, напярэдадні перавярнуўся турыстычны аўтобус, які ехаў з Прагі ў Вроцлаў. Усяго ў транспартным сродку знаходзіліся 49 чалавек. 15 з іх былі дастаўлены ў бальніцы. Падрабязнасці ў Аляксандра Савенкі.

Як паведамляюць чэшскія паліцэйскія, аварыя адбылася на вузкай заснежанай дарозе. Паводле назіранняў інспектараў, хуткасць вадзіцель не перавысіў. Яна была не больш за 30 кіламетраў за гадзіну. На невялікім павароце аўтобус проста нахіліўся і лёг на бок.

Паводле звестак кампаніі-перавозчыка, шыны на аўтобусе стаялі новыя. Планавы тэхагляд Neoplan праходзіў тры тыдні таму. Стаж працы ў вадзіцеля немаленькі. Магчыма, ДТЗ, што адбылося, выпадковасць. Аднак не выключана, што такіх наступстваў і траўм можна было пазбегнуць, калі б пасажыры былі прышпілены.

38 нашых грамадзян ужо на шляху дадому. Іх стан не выклікаў занепакоенасці ў медыкаў, таму пасля агляду іх адпусцілі. Транзітны начлег у іх быў у польскім горадзе Вроцлаў. Пасля гэтага днём група накіравалася ў Беларусь. Чакаецца, што аўтобус прыедзе адразу ў Мінск, затым частку пасажыраў адвязуць у Оршу.

У Чэхіі па-ранейшаму знаходзяцца 6 беларусаў - гэта 3 дзяўчынкі і трое дарослых. З імі працуюць прадстаўнікі беларускага консульства. Яны дапамагаюць з афармленнем дакументаў. Ужо ў хуткім часе яны таксама адправяцца ў Мінск.

Паводле звестак арганізатараў тура, адзін хлопчык зараз знаходзіцца ў бальніцы ў чэшскім горадзе Нахад. Ён у цяжкім стане. Паводле апошняй інфармацыі, побач з ім знаходзяцца яго бацькі. Мы будзем сачыць за далейшым лёсам дзіцяці ў нашых наступных выпусках.