Заўсёдная сырасць, цвіль у кватэрах не толькі псуе мэблю, але і шкодзіць здароўю людзей

9 декабря 2015

У розныя інстанцыі вось ужо дзесяць гадоў звяртаюцца жыхары шматкватэрнага дома ў вёсцы Харытоны, каб ім дапамаглі вырашыць бытавыя праблемы. У кватэрах заўсёдная сырасць, цвіль не толькі псуе мэблю, але і шкодзіць здароўю людзей. А гарачая вада падаецца толькі ў выхадныя, па графіку.

Як жыць у такіх умовах і калі чакаць перамен - у сітуацыі разбіралася Вікторыя Патоня. Сырасць у кватэры Святланы Богдан прапісалася амаль дваццаць гадоў таму. Грыбок атакаваў не толькі сцены, аконныя адхоны, але і мэблю. Чатырохгадовы ўнук Мікіта ад таго, што дыхае цвіллю, зарабіў алергію. А самі жыхары 15-кватэрнага дома ўсё часцей чуюць дыягназ "астма".

Адрасанты з вуліцы Чыгуначнай вёскі Харытоны вядуць перапіску з рознымі інстанцыямі з 2007 года. Дом размешчаны на пустцы ўздоўж пуцей. У 90-я тут планавалі пабудаваць вялізны перавалачны пункт. Але планы засталіся на паперы. Амаль два гады таму шматпавярхоўку з камунальнай уласнасці чыгункі перадалі на баланс Брэсцкага раённага ЖКГ. Але выгоды цывілізацыі так і не з'явіліся. Наадварот. Гарачая вада ў будныя дні стала вялізнай раскошай.

Кацельная, адкуль гарачая вада і цяпло паступаюць у дом, знаходзіцца зусім побач. І так было заўсёды. Жыхары здзіўляюцца: чаму гарачая вада ў іх кватэрах вось ужо тры месяцы толькі ў выхадныя. У адказных службаў на гэты конт сваё выразнае тлумачэнне.

А пакуль пяць дзён на тыдзень, каб памыць посуд або выкупаць дзіця, тут змушаныя грэць ваду. На электрычных плітах. І гэта для жыхароў дадатковыя выдаткі. Да таго ж, паводле слоў уладальнікаў кватэр, старая праводка не вытрымлівае такіх нагрузак. Ад перападаў напружання са строю выходзіць бытавая тэхніка, плавяцца разеткі.

Старасць электраправодкі ў кватэрах пацвярджаюць і эксперты. Гавораць, дом будаваўся паводле нарматываў 30-гадовай даўнасці, калі нагрузкі на сетку былі ў разы меншыя. Пытанне замены праводкі ў кватэрах па законе жыхарам трэба вырашаць самастойна. У сваю чаргу камунальнікі ў прысутнасці нашага тэлеканала паабяцалі: ужо ў гэтым месяцы ад падстанцыі да дома пракладуць другі кабель. А вось са штодзённай падачай гарачай вады жыхарам трэба пачакаць.

Перспектывы, хай і далёкія, але ўсяляюць надзею. Нягледзячы на тое што жыхарам прыйдзецца часткова заплаціць за камфорт.