У праваслаўных сёння пачынаецца Вялікі пост

19 февраля 2018

Ён прадоўжыцца 7 тыдняў да Вялікадня. Па-асабліваму гэты час праводзяць у жаночым манастыры Баркалабава. Традыцыям посту тут каля 400 гадоў. Наталля Бардзілоўская пабывала ў манастары.

У пачатку Вялікага посту манастырскі повар песціць сясцёр: у час, калі яшчэ ляжыць снег, свежая агародніна для манашак – сапраўдны ласунак. Тут як жывуць, так і харчуюцца - аскетычна. Бульба, бурак, капуста. На святы – рыба, алей, тварог са смятанай. Ніколі, нават у няпосныя дні, у іх меню не сустрэнеш мяснога. Бялок папаўняюць бабовымі і грыбамі.

На Лукію ўскладзены послух збіраць сясцёр на трапезу. Харчуюцца манашкі тройчы на дзень. Па чарзе дзяжураць на кухні. У дапамогу сучасным схімніцам – найноўшая тэхніка. Але тут шануюць і вясковую печ, і назапашаныя амаль на працягу чатырох стагоддзяў рацэпты. Амаль уся ежа ў манастыры свая - на тэрыторыі ёсць сад, агарод, пчальнік, куратнік, козы.

Галоўнае да кожнай трапезы – малітва. Пакуль насельніцы ядуць, адна з сясцёр чытае ім урыўкі Святога Пісання. У цэнтры трапезнага пакоя - стол для ігуменні і схіігуменні. Па баках - сталы для манашак і асобны для свецкіх: у манастыры кормяць усіх гасцей. А людзі да далёкага, здавалася б, Баркалабава едуць пастаянна, і іх шмат.

Манастыр праслаўлены цудатворнай іконай Маці Божай Баркалабаўскай, якая лечыць хваробы, злучае сем’і, дапамагае дачакацца дзіцяці. Пацвярджэнне таго, што цуды адбываюцца, вось гэтыя падвескі - ва ўдзячнасць за дапамогу людзі дораць Маці Божай каштоўныя ўпрыгажэнні.

Манастырскія вароты закрываюць толькі на ноч. У астатні час Баркалабаўская святыня адкрытая для ўсіх ахвочых.

Вялікі пост – асаблівы момант у жыцці манастыра. Малітвы, якімі тут і ў звычайны час жывуць манашкі, узмацняюцца. Ранішняе набажэнства доўжыцца да шасці гадзін, вячэрняе – тры гадзіны. Менавіта святое слова – асноўнае ў Перадвелікодныя тыдні не толькі ў гэтых сценах для кожнага верніка.