Апошні званок прагучаў сёння ва ўсіх школах Мінска - урачыстыя лінейкі аб'ядналі выпускнікоў 9-х і 11-х класаў

25 мая 2023

Апошні званок прагучаў сёння ва ўсіх школах Мінска. Урачыстыя лінейкі аб'ядналі выпускнікоў 9-х і 11-х класаў. Эмацыянальны момант разам з імі падзялілі бацькі і настаўнікі, сябры.
Да лёсавызначальнага свята падрыхтавалі шматлікія флэшмобы і школьныя песні, вальс.

Эмоцыі гэтага дня адчула Алена Вітко. Кранальнае свята, напоўненае ўсмешкамі, словамі падзякі настаўнікам і, канешне, шчырымі пажаданнямі для моладзі. Апошні званок - 2023 аб'яднаў сёння ўсіх выпускнікоў сталіцы. Гэта звыш 20 тысяч дзевяцікласнікаў і больш за 10 тысяч тых, хто паспяхова прайшоў дыстанцыю ў 11 гадоў.

Інтэлектуальную пуцёўку ў дарослае жыццё атрымалі і больш за 80 юнакоў і дзяўчат 12-й гімназіі Мінска. Тут выпускаюць адразу тры класы. Гэта будучыя медыкі і педагогі, лінгвісты, распрацоўшчыкі. Раўняюцца на старэйшых і выпускнікі базавай школы, а гэта больш за сотню падлеткаў.

Танцавальныя флэшмобы і вершы ад самых маленькіх школьнікаў, вакальна-харэаграфічныя пастаноўкі і шматлікія сюрпрызы. Сімвалічна, у Год міру і стваральнай працы на ўрачыстай лінейцы ў неба выпусцілі белых галубоў. А самыя запаветныя мары з лёгкасцю адправілі ў добры шлях разам з паветранымі шарамі.

Кульмінацыяй і самым доўгачаканым момантам традыцыйна стаў сам апошні званок. Місія адказная: сёлета вучобу гучна зафіналіў Арсеній Саўчук.

Падтрымаць актыўнага выпускніка і разам падзяліць такія важныя эмоцыі прыйшлі родныя. Маці, бабуля, дзядуля. Успамінаюць, як маленькага хлапчука адпраўлялі ў першы клас. Зараз жа робяць фота на памяць з сур'ёзным і рашучым юнаком.

Статус выпускніка зусім хутка зменіцца на званне абітурыента. Зрэшты, гэты навучальны год быў насычаным на адукацыйныя навацыі. Так, старшакласнікі ўпершыню здавалі цэнтралізаваныя экзамены. Паспяхова.

Наступны важны этап - уручэнне атэстатаў. А выпускныя вечары пройдуць 10 чэрвеня. Цэнтралізаванае тэсціраванне па прадметах і ўступная кампанія - гэта яшчэ наперадзе. Сёння ж той момант, калі падрыхтоўку і перажыванні можна паставіць на паўзу. А яшчэ закружыцца ў рытме вальса і зафіксаваць у памяці ўвесь школьны шлях.