Апошні званок для беларускіх школьнікаў прагучаў на гэтым тыдні

1 июня 2019

55 тысяч выпускнікоў развіталіся са школай. Пасля завяршэння навучальнага года ў школах, гімназіях і ліцэях адбыліся ўрачыстыя лінейкі. Самыя хвалюючыя і радасныя моманты ўжо на наступным тыдні зменяць школьныя экзамены, а потым цэнтралізаванае тэсціраванне і паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. А пакуль пяшчотныя эмоцыі ў рэпартажы Юліі Токар. 

Апошнія парады свайму 9-му "Б" дае Наталля Шапяцько. І хоць складаны навучальны год для юнакоў і дзяўчат у мінулым,  наперадзе  першыя экзамены. Таму ўжо заўтра класны кіраўнік чакае  вучняў на кансультацыю. 

І хай размовы толькі пра перспектывы - сярод выпускнікоў будучыя юрысты, праграмісты, медыкі. Школьны час з асаблівым трапятаннем узгадваюць бацькі, якія разам з дзецьмі рыхтаваліся да праверачных, а  сёння хвалююцца не менш. 

Урачыстыя лінейкі з нагоды завяршэння навучальнага года прайшлі ва ўсіх навучальных установах краіны. З Ліцэем БДУ развітваецца 262 выпускнікі, сярод якіх і залатая медалістка, чэмпіёнка свету па ірландскіх танцах  Стафанія-Віталія.

Фундаментальныя навукі выбраў для сябе і Аляксандр Дзячэнка. Два гады ў эксперыментальным класе  натхнілі паступаць на  факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. 

Лепшых спартсменаў, пераможцаў творчых конкурсаў і выдатнікаў вучобы на апошні званок запрасілі ў маладзёжную сталіцу – Оршу. Галоўнай пляцоўкай свята стала лядовая арэна.  У элегантных сукенках і стыльных строях  на чырвонай дарожцы  самыя таленавітыя і адораныя выпускнікі краіны. 

Сёлета 56 тысяч 11-класнікаў пачынаюць новы этап у навучанні. Наперадзе экзамены, паступленне, цікавыя сустрэчы і знаёмствы. А пакуль гучыць апошні званок. Для іх час свята разам з першымі сябрамі і настаўнікамі.