30 мая 2015

Віншаванні, кветкі, усмешкі і слёзы… Для адзінаццаці- і дзевяцікласнікаў у школах сёння гучыць апошні званок. Сталічныя парты сёлета пакінуць больш за 22 000 выпускнікоў. Але адпачываць школьнікам пакуль рана. Ужо ў панядзелак экзамены, затым выпускны баль і самая гарачая пара – уступная кампанія. Пра незабыўнае свята развітання са школай раскажа Аляксандр Харавец.

Сённяшняя раніца для дваццаці дзевяці адзінаццацікласнікаў мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў вызначальная. Для выпускнікоў гэта апошні раз, калі яны могуць пачувацца гаспадарамі альма-матар, а для настаўнікаў – радасны і адначасова крыху сумны момант. Бо школьнікі, якія выраслі на іх вачах і сталі такімі блізкімі за адзінаццаць гадоў, сёння пакідаюць школу.

Гэты званок гучыць у 12-й сталічнай гімназіі. Для 76 выпускнікоў ён апошні. Педагогі спадзяюцца, што і сёлета адзінаццацікласнікі падтрымаюць добрую традыцыю і ўсе паступяць у ВНУ. Дарэчы, за гады існавання ўстановы больш за 600 выпускнікоў сталі прафесійнымі ўрачамі.

Для дзевяці лепшых выпускнікоў – круглых выдатнікаў - свае дзверы ўжо гатовы расчыніць педагагічны ўніверсітэт, прычым без уступных экзаменаў. Ірына Барзянкова ўжо вырашыла: свой лёс звяжа з педагогікай.

Дзень развітання са школай заўсёды хвалюючы, радасны і сумны адначасова. Па традыцыі выпускнікі абменьваюцца пажаданнямі з першакласнікамі, з тымі, у каго яшчэ ўсё самае цікавае наперадзе.

Сімвалічны запуск рознакаляровых шароў і школьнага ранца – добрая традыцыя гімназістаў.

Сёлета амаль усе ўрачыстыя лінейкі ў навучальных установах сталіцы праходзяць адначасова - з 10 да паўдня. Аднак ужо ў панядзелак выпускнікі зноў сядуць за парты. Выніковыя іспыты чакаюць дзевяці- і адзінаццацікласнікаў.

За курс базавай школы гэта беларуская, руская мовы і матэматыка. А ў адзінаццацікласнікаў да гэтых прадметаў дадасца гісторыя Беларусі і замежная мова. 12 чэрвеня пройдуць доўгачаканыя выпускныя вечары. У дні ўрачыстасцяў будзе абмежаваны продаж алкаголю. А ўжо 14 чэрвеня ў краіне стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне.