Апошнія званкі і развітанне са школай

2 июня 2018

Па ўсёй краіне на тыдні прайшлі ўрачыстыя лінейкі. Для выпускнікоў навучальны год не завершаны: у іх экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне і выбар прафесіі. Але свой апошні званок адзінаццацікласнікі запомняць надоўга. Для іх гэта пераходны этап у дарослае жыццё. Вікторыя Патоня завітала ў адну са школ Брэста.

Школьныя лінейкі праходзяць звычайна па адным і тым жа сцэнарыі. Але героі штогод - розныя. Самы хвалюючы дзень для выпускнікоў - яны развітваюцца са школай.

Кожны момант ім хочацца запомніць у дэталях. Таму частыя сэлфі, фотаздымкі. Усе разам, з бацькамі і настаўнікамі! На памяць пра дзяцінства, якое засталося за школьнай партай. Сёлета ў адной з найстарэйшых школ Брэста 84 выпускнікі. Дзяўчаты ў сціплых сукенках і з белымі стужкамі ў косах. Юнакі - сур’ёзныя і статныя. Яны і самі не заўважылі, як выраслі.

Кожны нумар - пасвячэнне: настаўнікам, аднакласнікам, бацькам. Выпускнікі ледзь стрымліваюць эмоцыі. Узгадваецца ўсё: першыя няўдачы, перамогі, першае каханне. Да гэтага дня яны рыхтаваліся, каб закружыцца ў парах у развітальным вальсе.

Школьны двор на момант замірае. Права пранесці званочак маюць звычайна лепшыя вучні. Сёлета ім стаў адзінаццацікласнік Іван Тарасюк - прэтэндэнт на залаты медаль. Навучальны год завершаны! А каб жаданні і надзеі выпускнікоў спраўдзіліся, у неба паляцелі паветраныя шары. Сёмая школа Брэста - з лінгвістычным ухілам. У праграме - нямецкая і англійская мовы. Пакуль гэта адзіная школа, дзе дзяцей навучаць пісаць і размаўляць па-кітайску. Выпускнікі з такой падрыхтоўкай паступаюць не толькі ў беларускія ВНУ, але і замежныя.

Выпускнік Піліп Будзюк вольна размаўляе па-нямецку, неаднаразовы пераможца конкурсаў і алімпіяд. Але збіраецца стаць эканамістам, якому ў жыцці абавязкова спатрэбяцца замежныя мовы. Што дазволіць працаваць у буйной кампаніі.

У вучняў пачаліся канікулы. Але не ў выпускнікоў. У іх - экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне і выбар прафесіі. На памяць яны пакідаюць адно аднаму пажаданні на стужках. Быць здаровымі, заставацца чалавекам і абавязкова знайсці свой шлях у жыцці!