Апошнія падрыхтоўкі да фіналу "Міс Беларусь - 2018"

3 мая 2018

Значным стане заўтрашні дзень і як мінімум для адной з фіналістак конкурсу "Міс Беларусь - 2018". Мы даведаемся імя самай прыгожай дзяўчыны краіны. А сёння адбыліся апошнія падрыхтоўкі. Гэты конкурс 11-ы, яго праводзяць па даручэнні Прэзідэнта з 1998 года. Асаблівасць цяперашняга ў тым, што ён праходзіць у Год малой радзімы. Нядзіўна, што і лейтматыў - нацыянальны каларыт, тэмы беларускай мовы, культуры і гісторыі. Пераможніца, апроч кароны і права прадстаўляць Беларусь на міжнародных конкурсах прыгажосці, атрымае буйны грашовы прыз і недарожнік "Джылі Атлас". Вобраз беларускай прыгажуні - гэта частка іміджу краіны, праект дзяржаўны. Каб прасякнуцца важнасцю моманту і натхніцца, удзельніц сёння запрасілі на экскурсію ў Палац Незалежнасці. Дзяўчаты ўвачавідкі ўбачылі інтэр'еры і кабінеты, знаёмыя больш з кадраў афіцыйнай хронікі. Аб уладзе… прыгажосці - Ілона Красуцкая.

Высокія абцасы, роўная постаць і шырокая ўсмешка. За знешнім выглядам гэтых прэтэндэнтак на запаветную карону - інтэлект. Яны аўтары навуковых работ, удзельнікі алімпіяд па юрыспрудэнцыі, ветэрынары, архітэктары і нават выхавальнікі ў дзіцячым садзе. У тым, што прыгажосць патрабуе ахвяр, некаторым давялося пераканацца на сабе. За тыдзень некаторым дзяўчатам прыйшлося схуднець на 4 кг, такія ўмовы прыгажуням ставілі арганізатары конкурсу.

Статыстыка такая - удзел у рэгіянальных кастынгах прынялі 700 дзяўчат. У фінале толькі трыццатка з розных куткоў краіны. У прыярытэце не толькі знешні выгляд, гаворка ідзе пра сусветныя стандарты прыгажосці. Рост не ніжэйшы за 174 см, узрост - ад 18 да 24. Апроч візуальнага ўражання, ацэньвалася эрудыцыя і, вядома ж, таленты юных канкурсантак.

За тры тыдні да старту самай прыгожай падзеі вясны канкурсантак пасялілі ў адной гасцініцы. Расклад у прэтэндэнтак на карону досыць жорсткі. Пад’ём у 8 раніцы, лёгкі сняданак, а следам шматгадзінныя, а часам і знясільваючыя рэпетыцыі. Асобныя пункты ў графіку: трэнажорная зала, прымеркі, кансультацыя стылістаў і дыетолагаў, а таксама мноства фотасесій. Адбой не пазней за 22.

Шоу абяцае стаць адным з самых канцэптуальных за ўсю гісторыю конкурсу прыгажосці. Гаворка ідзе не толькі пра выкарыстанне новых візуальных тэхналогій і трохмерных праекцый. Канцэпцыя "Міс Беларусь - 2018" - 4 прыродныя стыхіі: зямля, вада, агонь і паветра. У Год малой радзімы менавіта гэтая тэматыка знойдзе адлюстраванне ў пралогах перад кожным дэфіле беларускіх прыгажунь, ва ўборах і нават рысах характару.

Упершыню за ўсю гісторыю конкурсу, а Беларусь выбірае прыгажуню ўжо 11 раз, удзельніцы выканаюць фрагмент беларускага танца - нацыянальнага карагоду і традыцыйнага паклону. Трэці па значнасці выхад у купальніках. Яго як увасабленне стыхіі агню рэжысёры прысвяцяць будучым II Еўрапейскім гульням. А вось фінальнага дэфіле ў вячэрніх сукенках удастояцца толькі 10 прыгажунь.

Сімвал беларускай дзяржаўнасці - адзін з самых статусных будынкаў краіны і, мабыць, адзін з самых прыгожых - сёння пад уладай прыгожага. Але размова не пра інтэр’еры. Вобраз беларускай прыгажуні: доўгія русыя валасы, грацыя, блакітныя вочы - можна сустрэць у любым прэзентацыйным роліку. Так, гэты частка іміджу краіны. Праект дзяржаўны. Таму нядзіўна, што сярод гасцей Палаца Незалежнасці сёння фіналісткі конкурсу "Міс Беларусь".

Яны тут упершыню, што ўжо значна. Прасякнуцца важнасцю моманту і натхніцца перад важнай падзеяй у іх біяграфіі. Прычым, не выходзячы з вобраза - па мармуры на высокіх шпільках і ў прыгожых строях. Мноства фатаграфій на памяць. Гэтыя дзяўчаты нібы сышлі з білбордаў і старонак часопісаў. Зрэшты, кожная і без кароны пачуваецца прынцэсай у такіх інтэр'ерах.

Адзін з этапаў конкурсу - інтэлектуальны. Пытанні могуць быць самыя нечаканыя. Таму дзяўчаты пільна сочаць за падзеямі ў краіне і свеце. Зараз ведаюць яшчэ больш фактаў пра Палац Незалежнасці, графік беларускага Прэзідэнта і мерапрыемствы ў антуражах статуснага будынка. Гэтыя залы і кабінеты, знаёмыя больш з кадраў афіцыйнай хронікі, убачылі ўвачавідкі. І ўсё гэта: мэбля, жырандолі, шкло - зроблена на айчынных прадпрыемствах беларускімі майстрамі.

Для іх адкрылі ўсе залы. Зала ўрачыстых цырымоній. Тут Аляксандр Лукашэнка заўсёды вітае знакамітых гасцей, замежных лідараў, тут праходзіла інаўгурацыя Прэзідэнта. Самая знакамітая з перамоў "нармандскай чацвёркі" Зялёная зала, кадры якой абляцелі ўсе сусветныя СМІ. І самая любімая зала Прэзідэнта - Камінная. За год прымае да 300 мерапрыемстваў. Сустрэчы з дыпкорпусам, перамовы лідараў тэт-а-тэт. І Чырвоная, дарэчы, яе інтэр'ер асабіста распрацоўваў Аляксандр Лукашэнка. А яшчэ ўсе памятныя моманты адлюстраваныя ў фотагалерэі. У публічным доступе і падарункі Прэзідэнту ад калег і самых вядомых персон: ручка Папы Рымскага, экспанаты мастацкай галерэі Палаца Незалежнасці ад лідараў Расіі, Кітая, Венесуэлы, В'етнама.

Такая падзея сапраўды запомніцца на ўсё жыццё. Фіналісткі пабывалі і ў рабочым кабінеце Кіраўніка дзяржавы. Магчымасць пагартаць арыгінал асноўнага закона - Канстытуцыі, зірнуць на фрагмент слуцкага пояса, азнаёміцца з напаўненнем прэзідэнцкай бібліятэкі. І пільна разгледзець, што ляжыць на стале ў Прэзідэнта. А пасля пад уражаннем задаць цалкам любыя пытанні. І хай для кагосьці банальныя і недарэчныя: як часта ў Палацы Незалежнасці прыбіраюцца і хто з замежных гасцей даўжэй за іншых размаўляў тут з Кіраўніком дзяржавы.

Напярэдадні шоу дзяўчаты ўпершыню спрабуюць сцэну, якая для адной з іх стане месцам трыумфу. Пры сабе ў беларускіх прыгажунь сабранасць і ідэальна адпрацаванае дэфіле. Генеральная рэпетыцыя ў Палацы спорту - адначасова адказная і хвалюючая падзея для кожнай. Апошнія штрыхі рэжысёра-пастаноўшчыка, яшчэ адзін экскурс па расстаноўцы камер і рэпетыцыя ў касцюмах. Заўтра Беларусь выбера сваю міс. Званне першай прыгажуні краіны - гэта не проста тытул. Пераможніца конкурсу апроч прыза 12 000 рублёў, новага недарожніка, а таксама кароны з белага золата, упрыгожанай фіянітамі і тапазамі, атрымае права прадстаўляць нашу краіну на конкурсе "Міс свету".