"Пасланне-2019. Кантэкст". Сям'я

15 мая 2019

Сёння ў свеце адзначаюць  галоўнае свята ўсіх бацькоў - Дзень сем'і. Важная дата і для Беларусі. Сям'я - гэта апора дзяржавы. Яе падтрымка - нязменны прыярытэт нашай краіны. Такім ён застанецца і надалей. На гэта арыентуе і Прэзідэнт  у Пасланні народу і сходу. Яно аб'яднала ўсе тыя ключавыя прынцыпы, якія будуць у аснове далейшай палітыкі краіны. Аб падтрымцы бацькоў  у нашай рубрыцы  "Пасланне-2019. Кантэкст".

Напярэдадні ААН распавяла аб перспектывах сусветнага народанасельніцтва. Шматлікія еўрапейскія краіны, а сярод іх і беларусы, трапілі ў зону рызыкі: колькасць тых, хто пражывае ў еўрарэгіёне, будзе скарачацца. Такі даўгачасны прагноз. Беларускія дэмографы з гэтым не спрачаюцца: так, тэндэнцыя змяншэння насельніцтва працягнецца, хай і невысокімі тэмпамі. У дадатак да ўсяго Белстат падмацоўвае гэтую лінію лічбамі. Толькі за першы квартал беларусаў стала менш амаль на 10 тысяч. І так ва ўсіх рэгіёнах, нават у сталіцы. Выключэннем стала толькі Мінская вобласць, але і тут дапамагла міграцыя. 

Медыцынскі аспект абмяркоўваць будзе, напэўна, лішнім. Беларусь - бясспрэчны аўтсайдар дзіцячай смяротнасці, а па камфорце мацярынства і дзяцінства - у трыццатцы краін свету. Але бэбі-бум ужо не той. Летась у Беларусі нарадзілася крыху больш за 94 тысячы дзяцей. А яшчэ некалькі гадоў таму штогод на свет з'яўлялася больш за 100 тысяч немаўлят. Але гэта дарэчы. Больш за 60 % з іх - гэта другія, трэція і наступныя дзеці. Дапамога такім бацькам, каб фінансавае становішча сям'і пры яе пашырэнні не пахіснулася,  у дзяржпалітыцы прыярытэтная. З 2015 года вялікім сем'ям пры нараджэнні трэцяга малыша даецца сямейны капітал. На жыллё або адукацыю працуе дэпазіт у $10 тысяч. Прадоўжыць гэту праграму і паскорыць вырашэнне жыллёвых пытанняў - на гэта чыноўнікаў скіроўвае Прэзідэнт. Вырываць словы з кантэксту не будзем. Галоўнае, што пазначана, падтрымка сем'яў павінна стаць рэальнай дапамогай у краіне, дзе дэмаграфічная нагрузка на грамадства і эканоміку штогод узмацняе свой націск. 

Мы далі слова вялікім сем'ям, каб яны самі распавялі, як на справе працуюць праграмы, якія скіраваны дапамагаць бацькам мацней стаяць на нагах. 

Рэпартаж маёй калегі Святланы Чарновай прама зараз.

У гэтай сям'і Місілевічаў  сапраўды сем я і самы маленькі Дзяніс - яму споўніўся год. Багацце і сіла Уладзіміра і Ларысы Місілевіч - ва ўласных дзецях. У гэтай сям'і, дзе сапраўды сем я,  цяжкасцей не баяцца. Тут жывуць па прынцыпе  - адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. 

З уборкай 112 квадратных метраў сапраўды ў адзіночку не справіцца. Уласнае жыллё - дзве кватэры з аздабленнем (аднапакаёвую і трохпакаёвую) -  у элітным сталічным мікрараёне Лебядзіны сям'я атрымала пяць гадоў таму. У казку не верылі, пакуль не сталі яе героямі.

Так, праграма "Сямейны капітал", якая прадугледжвае адкрыццё дэпазіту на суму 10 тысяч долараў пры нараджэнні трэцяга дзіцяці і наступнага, будзе прадоўжана і на наступныя 5 гадоў з дадатковымі магчымасцямі ў бок пашырэння плошчы.

Ірына Касцевіч, Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі:

"Бясспрэчна, гэта важна для любой сям'і мець сваю кватэру, сваю плошчу. Таму пастаўлена задача разгледзець варыянт аб датэрміновым размарожванні сямейнага капіталу наяўнай праграмы і, вядома, магчымасці выкарыстання сямейнага капіталу зноў прызначанага па новай праграме тым сем'ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў".

У тым ліку і аб іншых дадатковых бонусах для шматдзетных сем'яў у Беларусі нядаўна  чарговы раз гаварыў Кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні народу і парламенту. Каб дэмаграфічныя паказчыкі і надалей імкнуліся выключна ўверх, у краіне працягнецца іх падтрымка. 

У наступным годзе з'явіцца і спецыялізаваная база ўліку шматдзетных. Новаўвядзенне дазволіць больш дэталёва кантраляваць размеркаванне льгот паміж сем'ямі. У нашай краіне сёння такіх звыш 104 тысяч. Толькі за мінулы год у Беларусі з'явілася больш за 20 тысяч немаўлят, якія сталі трэцімі і наступнымі дзецьмі ў сям'і. 

Усё часцей ганаровы статус "мама" атрымліваюць беларускі ва ўзросце 40-44 гадоў. Толькі за мінулы год у жанчын гэтай узроставай групы з'явілася больш за 2 тысячы немаўлят. Гэты паказчык амаль удвая вышэйшы, чым 9 гадоў таму. І трэба адзначыць, што больш за палову такіх  ужо ўсвядомленых мам  нарадзілі як мінімум трэцяе дзіця.

Ці гаворыць гэта пра камфорт умоў для мацярынства? Безумоўна, так. Па гэтым крытэрыі наша краіна лідзіруе  ў свеце. А калі пра матэрыяльную падтрымку, то выплаты пры нараджэнні дзіцяці ў Беларусі і зусім больш высокія, чым у краінах ЕАЭС. І такая палітыка будзе працягнута і надалей. Бо клопат дзяржавы пра дзяцей сёння - гарантыя надзейнага заўтра.

Як адбіваецца праблемная дэмаграфія на жыцці кожнага з нас? Скарачэнне колькасці насельніцтва ва ўсім свеце азначае як мінімум прыняцце вельмі непапулярных рашэнняў. І відавочнае павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію - толькі адно з іх. Многія цяжкасці, з якімі грамадства сутыкнулася ўжо зараз, з года ў год становяцца толькі больш вострымі. Тых, хто ўсвядомлена гатовы нарошчваць свой сямейны, чалавечы капітал (мы зараз пра дзяцей), падтрымаюць патрэбнымі рашэннямі. І для многіх гэта ўпэўненасць, што і заўтра каштоўнасць сям'і ў краіне не зменшыцца, сёння нават важнейшая, чым прамое фінансавае падмацаванне. 
Падтрымка сям'і - адзін з прыкметных пасылаў Паслання-2019. І мы пра гэта распавялі, нічога не вырваўшы з кантэксту.