Пайшоў па грыбы і згубіўся. Як ратавальнікі дапамагаюць у пошуку людзей у лясах?

24 июля 2018

Сезон збору ягад і грыбоў у лясах - час, калі, на жаль, у гушчарах губляюцца людзі. Так, толькі сёлета ў лясных масівах вобласці знайсці дарогу дадому самастойна не змаглі 14 чалавек. Ім дапамаглі ратавальнікі і валанцёры.

Пошукі двух чалавек працягваюцца і зараз. Адзін з іх – жыхар Крупскага раёна. Да пошукавай экспедыцыі далучыліся і нашы карэспандэнты.

Уладзімір Васільевіч – апошні, хто бачыў свайго суседа Міхаіла Грыбоўскага перад тым, як той прапаў. У сезон заўзяты грыбнік наведваўся ў лес штодзень, дакладна ведаў кожную сцяжынку. Таму не зразумела, чаму мужчына гэтым разам так і не вярнуўся дадому.

Пра знікненне Мікалая Грыбоўскага праз два дні, 16 ліпеня, праваахоўнікам паведаміла сястра. На працягу дзевяці дзён лес абследуюць паўсотні чалавек: пошукавікі, ратавальнікі, вайскоўцы і валанцёры. Да маніторынгу падключылі і тэхніку: зверху за сітуацыяй сочаць верталёты і квадракоптары. Калі пастаіць сонечнае надвор'е, на дапамогу прыйдуць і сабакі: ад вільгаці ісці па слядах цяжка, дождж перабівае пах, які чуюць жывёлы. Ускладняе працу і асаблівасць гэтай мясцовасці – непраходны гушчар і высокая трава.

Як толькі людзі распачынаюць сезон збору грыбоў і ягад, у спецыялістаў аўтаматычна распачынаецца сезон пошуку людзей. Сёлета ў лясах Мінскай вобласці заблукалі чатырнаццаць чалавек. Месцазнаходжанне дваіх зараз не вядома.

І гэта тыповая карціна для ліпеня – пачатку жніўня. Напрыклад, за апошнія два гады дапамога спецыялістаў спатрэбілася ў лесе 120 чалавекам. І часцей за ўсё арыенцір губляюць пажылыя людзі.

Спецыялісты даюць свае парады: у лес лепш апранаць яркае адзенне, абавязкова браць з сабой зараджаны мабільны тэлефон, ваду і неабходныя лекі. Такі своеасаблівы набор грыбніка заўсёды мае Георгій Бабарыка. Паляўнічы з саракагадовым стажам яшчэ ніколі ў сваім жыцці не блукаў па лесе. Свае падказкі па навігацыі дае і прырода.

Заўзятыя леснікі таксама раяць арыентавацца па моху – ён расце на ствале з паўночнага боку. А вось на поўдні галінкі дрэў больш пушыстыя і ўзгорак мурашніку вышэйшы. Калі ўсё ж такі згубілі арыенцір, то галоўнае, раяць спецыялісты, не панікаваць, агледзецца і паспрабаваць самастойна выйсці з лесу.