Пасяўная кампанія і поспехі маладой аграрнай змены

6 апреля 2020
Палівам забяспечаны беларускія аграрыі. Працы па сяўбе ранняй ярыны і зернебабовых культур ужо перасягнулі экватар. Апрацавана больш за палову плошчаў. На сёння засеяна каля паўмільёна гектараў збожжавых. У Брэсцкай і Гомельскай вобласці план па ранняй ярыне ўжо выкананы. На падыходзе - Гродзенскі рэгіён. Дарэчы, карту беларускіх угоддзяў сёлета перагледзелі. Новаўвядзенні дыктуе змена клімату. Каб ісці з ім у нагу, больш плошчаў адвялі пад кукурузу. Сеяць яе пачнуць ужо ў найбліжэйшы час. Дайджэст пасяўной кампаніі і поспехі маладой аграрнай змены - у сюжэце Ганны Кавалёвай.

У сям'і Панчанкі - рэдкія хвіліны, калі дома ўсе ў зборы. Тата спяшаецца пагуляць з аднагадовым Мацвеем. Паспявае абдумаць, што яшчэ трэба зрабіць па доме. Дарэчы, новенькі катэдж пад ключ мужчына атрымаў бясплатна ад сельгаспрадпрыемства. А яшчэ аб тым, што пасадзіць на сваім гародзе. І на працу. 

Усе палі, адведзеныя пад раннюю ярыну, у сельгаспрадпрыемстве "Пераможнік" ужо засеяныя

На чарзе - падкормка азімых. Дарэчы, сёлета пры любым кліматычным раскладзе тут чакаюць добры ўраджай. У гаспадарцы гавораць, нават у леташнюю засуху здолелі сабраць важкі каравай. І дадаюць: годныя вынікі - заслуга менавіта маладой змены.
Аб тым, што будзе аграномам, Анатоль ведаў з дзяцінства. Перад вачамі быў прыклад бацькоў - абодва ў сельскай гаспадарцы. Таму не толькі працавітасць і амбіцыі, але і гены дапамаглі моцна ўстаць на ногі ў гэтай нялёгкай прафесіі.

Анатоль Панчанка,  галоўны аграном ААТ "Пераможнік": "Да сваёй працы я стаўлюся вельмі адказна. Таму што ад маёй сферы залежыць цалкам жывёлагадоўля. За гэты год, калі ўсё будзе аптымальна, то я думаю, што ўраджай мы збяром рэкордны".

Тым больш, што тэхнікі і паліва ў дастатку. Разам з добрымі кадрамі першы этап пасяўной тут прайшлі ўдвая хутчэй, чым звычайна. І такая карціна, дарэчы, у многіх іншых гаспадарках Беларусі.

На поўдні краіны тэхніка выйшла ў палі раней. І на сёння Брэсцкі і Гомельскі рэгіёны сяўбу ранняй ярыны ўжо завяршылі. Астатнія вобласці ў цэлым на паўдарогі да фінішу.

Сёлета карту ўгоддзяў перагледзелі. У паўднёвых рэгіёнах пад кукурузу плошчы павялічылі

Гэта і зразумела. Апошнім часам  клімат стаў больш засушлівы. Самы час аддаць перавагу ўстойлівым да спякоты культурам. 
Сёння ў Беларусі ярыной ужо засеяна парадку паўмільёна гектараў плошчаў. Калі надвор'е будзе спрыяльным у найбліжэйшыя два тыдні, у палі выйдуць і кукурузныя сеялкі.