Наведаць магілы блізкіх сёння можна было і ў зоне адсялення і адчужэння

14 мая 2013

Толькі на Радаўніцу доступ у зону дазволены без пропускаў. Усяго на адселеных тэрыторыях знаходзіцца больш за дзве сотні могілак. І на Радаўніцу  іх наведваюць ад 10 да 15 тысяч чалавек. 


Расказвае Віталь Краснабаеў: У звычайныя дні  на гэтай трасе машыны  - вялікая рэдкасць. Але сёння тут сапраўдны транспартны паток. Уздоўж дарогі - больш за дзясятак адселеных вёсак. І сёння туды накіраваліся тысячы беларусаў. З раніцы супрацоўнікі ДАІ на такіх дарогах дзяжураць ва ўзмоцненым рэжыме. Сёння іх задача - нават не столькі кантроль, колькі дапамога. Адселеных  вёсак няма на новых картах, папулярныя навігатары іх не знаходзяць. Выручаюць дзяржаўтаінспектары.

Гэтыя тэрыторыі  дагэтуль закрытыя для наведвання. Уезд сюды без спецыяльнага пропуска дазволены толькі адзін раз на год - на Радаўніцу. Зараз ужо цяжка ўявіць, што калісьці тут кіпела жыццё, ніхто не збіраўся з'язджаць з абжытых месцаў. Калі з гэтай вёскі - пра яе зараз нагадваюць толькі здзічэлыя сады - з'язджалі жыхары, яны думалі, што адсяляюцца максімум на месяц, два. Аказалася - назаўжды.

Такіх вёсак  у Беларусі больш за дзве сотні. Ад іх засталіся толькі могілкі. У Радаўніцу людзі прыязджаюць  сюды наведаць магілы сваіх родных. Але не толькі. Бацькоўскі дзень  тут яшчэ і дзень сустрэч  з былымі аднавяскоўцамі. І дзень успамінаў. Прыбраць магілку, асвяжыць кветкі, абнавіць агароджу і ўспомніць нябожчыкаў - усё, як і на звычайных могілках. За адзіным выключэннем - трэба паспець усё зрабіць да 17:00. Пасля гэтай гадзіны  зона адсялення і адчужэння зноў становіцца закрытай для наведванняў.