Ніжні парог пакарання па некаторых відах наркатычных злачынстваў могуць скараціць на 2 гады

10 июня 2019

Паслабленне ў заканадаўстве па некаторых відах наркатычных злачынстваў  плануюць разгледзець у парламенце 13 чэрвеня. Гэта абумоўлена тэндэнцыяй да зніжэння злачынстваў у гэтай сферы. Чакаецца, што ніжні парог пакарання скароцяць на 2 гады. Апошні раз змяненні ў наркаартыкулы ўносіліся 5  гадоў  таму - у 2014  годзе.  Неабходнасць узмацнення  жорсткасці пакарання  была прадыктаваная крымінагеннай сітуацыяй і адсутнасцю заканадаўчых рычагоў для адэкватнага рэагавання.  Дзейсныя і своечасовыя меры дэкрэта № 6 дазволілі збіць хвалю наркагандлю і смяротных выпадкаў (асабліва сярод падлеткаў).  Зараз сітуацыя змянілася.  Нормы пакарання можна адкарэктаваць.  Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы дэпутаты сумесна з праваахоўнікамі і грамадскімі арганізацыямі дбайна вывучалі пытанне. У выніку галоўны прынцып змяненняў, якія прапануюцца, - пакаранне павінна быць індывідуальным і дыферэнцыяваным.  Строга ў духу закона. 

Аляксандр Смірноў прадоўжыць.

Унікальны выпадак для беларускай юрыспрудэнцыі:  судовы працэс праходзіць прама ў будынку СІЗА. Гэтую клетку спецыяльна зрабілі амаль 15 гадоў  таму, тады судзілі банду Марозава з Гомеля. Зараз працэс над арганізатарамі і ўдзельнікамі сеткі па продажы наркотыкаў. З 37 фігурантаў амаль ва ўсіх абвінавачанне ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі, якая мела развітую міжнародную структуру. Вядома, што ўсе фігуранты - звёны аднаго ланцужка: хтосьці курыраваў інтэрнэт-магазін па распаўсюджванні псіхатропаў, хтосьці фасаваў атруту, хтосьці рабіў закладкі. Сваю дзейнасць яны разгарнулі яшчэ ў 2016 годзе. І шмат у чым прыцягнуць да адказнасці ўсю брыгаду ўдалося дзякуючы ўдасканаленаму заканадаўству, якое атрымала новую інтэрпрэтацыю ў 2014 годзе.

Ужо ў першых радках дэкрэта № 6, які выйшаў 5 гадоў таму, напісана: "Спыніць распаўсюджванне наркагандлю як пагрозу дэмаграфіі і здароўю нацыі, а таксама гарантаваць бяспечнае развіццё дзяцей і моладзі". Больш значных мэтаў для дзяржавы і не ўявіш. Закон атрымаўся дасканалым і прарыўным. Напрыклад, з'явілася магчымасць прэкурсары (якія ў той час распаўсюджваліся з арыфметычнай прагрэсіяй) уносіць у спіс забароненых рэчываў літаральна за некалькі дзён. Пазней такі інструмент у сваім заканадаўстве выкарысталі многія краіны свету.

Вось так выглядаюць аматары спайсаў ці так званых соляў. Падобнага  відэа ў інтэрнэце шмат. Прыход накрывае людзей прама на вуліцы. У выніку неадэкватныя паводзіны і поўная страта арыентацыі.

А гэта ўжо кадры, зробленыя аператыўна-следчай групай на месцы злачынства. Пад уздзеяннем модных псіхатропаў маладым людзям здалося, што іх сябар робат, таму яны  вырашылі разабраць па частках і нават выкалалі вочы. Што адбываецца ў неакрэплым арганізме пасля ўжывання сінтэтыкі, уявіць складана. Хтосьці забівае, хтосьці вар’яцее, хтосьці выскоквае ў акно. 

І пяць гадоў  таму ў Беларусі складвалася такая ж карціна. Ці магла дзяржава  не зважаць на сітуацыю - пусціць на самацёк небяскрыўдныя захапленні падлеткаў, гора бацькоў і часта жыццё дзяцей? Зразумела, не! Пытанне на асаблівы кантроль бярэ Прэзідэнт. 

Валянцін Міхневіч, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага  сходу Беларусі: "Сапраўды, сітуацыя станавілася страшная, масавы прыход сінтэтычных наркотыкаў. Да сітуацыі аказаліся не гатовыя і праваахоўныя органы. Таму змяненні ў дэкрэце № 6 дазволілі збіць хвалю. Дзякуючы заканадаўству зараз добра працуюць нашы пагранічныя службы, КДБ, МУС".

Агульнымі  намаганнямі сітуацыю ўдалося стабілізаваць. Тэндэнцыя да зніжэння злачынстваў у наркасферы відавочная. І сёння ўжо можна гаварыць аб карэкціроўцы заканадаўства. Навацыі, якія прапануюцца,  прадугледжваюць змяншэнне ніжняй мяжы пакарання з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 і з васьмі да шасці гадоў пазбаўлення волі па ч. 3.Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы папраўкі ў антынаркатычнае заканадаўства дадаткова дбайна вывучаліся ўсімі зацікаўленымі з улікам важнасці  гэтай тэмы для грамадства. 

У дачыненні да тых, хто мэтанакіравана займаецца  незаконным абаротам наркотыкаў, пазіцыя дзяржавы жорсткая: яны павінны несці адказнасць па поўнай праграме згодна з законам. Верхняя мяжа - да 8 гадоў па ч. 2 і да 15 гадоў па ч. 3 застаецца без змяненняў".

Васіль Чакан, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "На працягу паўгода мы правялі шмат круглых сталоў, нарад. Мы запрашалі міжнародных экспертаў. У выніку дайшлі да таго, каб знізіць ніжнюю мяжу на 2 гады па частцы 2 і 3 артыкула 328, пакідаючы без змяненняў верхнюю мяжу".

Распрацоўшчыкі законапраекта сабралі разам усе магчымыя меркаванні: грамадства, сваякоў асуджаных, урачоў, экспертаў, праваахоўнікаў і навукоўцаў. Гучалі нават прапановы легалізаваць лёгкія наркотыкі, але рэалізацыю атрымалі толькі самыя рацыянальныя прапановы. Дэпутаты абмяркуюць папраўкі ўжо 13 чэрвеня. Такім чынам будзе выконвацца прынцып індывідуальнага і дыферэнцыяванага, гэта значыць справядлівага пакарання.