Трапіць у Літву, Латвію ці Польшчу зараз можна толькі на транспарце

1 октября 2014

З сённяшняга дня больш нельга перайсці заходнюю мяжу пешшу. Зараз трапіць у Літву, Латвію ці Польшчу можна толькі на транспарце. Падставай для такога рашэння стала перагружанасць КПП, першапачаткова прызначаных для абслугоўвання аўтамабіляў. Толькі сёлета мяжу з Еўрасаюзам перасеклі больш чым 2 мільёны чалавек. Абслужыць усіх своечасова было немагчыма. Рэч у тым, што для пешаходаў не было створана бяспечных умоў і асобнай зоны надгляду.


Аляксандр Цішчанка, начальнік прэс-службы Дзяржпагранкамітэта Беларусі: Гэта ў інтарэсах пешаходаў, вадзіцеляў і, адпаведна, працы пунктаў пропуску. Таму што і адны і другія мелі прэтэнзіі да абслугоўвання і афармлення на мяжы. Аўтааматары скардзяцца на пешаходаў, якія без чаргі афармляюцца, а пешаходы на тое, што ім прыходзіцца перамяшчацца сярод машын.


Абмежаванні не закрануць веласіпедыстаў. Ім давядзецца станавіцца ў агульную чаргу альбо ў асобную для ўладальнікаў двухколавых. Пагранічнікі адзначылі, што абмежаванне для пешаходаў часовае.