Пантонная пераправа праз раку Прыпяць гатовая

10 декабря 2017

Рух транспарту па наплыўным мосце адкрыты. Ужо з аднаго берага на другі перамяшчаюцца мясцовыя жыхары. Паехалі і першыя аўтамабілі! Рух рэверсіўны, рэгулююць работнікі ДАІ.

Сёння на досвітку МНС і вайскоўцы пачалі наводзіць пераправу. Калі катары разгарнулі сучлененыя элементы ў адну лінію, апынулася, што іх недастаткова, таму мост прыйшлося падоўжыць яшчэ на адну дадатковую пантонную секцыю. Зараз агульная даўжыня пераправы 152 з паловай метры. Першым яе пераадолеў ваенны аўтамабіль - адзін з тых, што дастаўляў канструкцыі да месца мантажу. Па новым мосце могуць рухацца ўсе віды транспарту. У тым ліку і грузавыя.

Нагадаю, пераправу вырашылі ўзвесці пасля таго, як мост, які злучае Жыткавічы і Тураў, даў расколіну і быў закрыты. На яго рэканструкцыю пойдзе не менш як год.