Памінальная служба па Уладзіміру Мулявіну прайшла ў Каложскай царкве

12 января 2016

У адным з найстарэйшых храмаў Беларусі - Каложскай царкве - сёння прайшла памінальная служба, асаблівая. 12 студзеня нарадзіўся класік беларускай музыкі, вядомы кампазітар і выканаўца Уладзімір Мулявін.

Як распавядаюць людзі, якія блізка ведалі музыканта, менавіта гэтая царква ў Гродне шмат значыла для песняра. Пасля малітвы тут ён кінуў курыць, а ў 90-я гады мінулага стагоддзя часта прыязджаў сюды і ахвяраваў сродкі на аднаўленне храма.

Іерэй Ігар Данільчык, свяшчэннік Свята-Барыса-Глебскай царквы: "Уладзімір Мулявін бываў у Гродне, наведваў гэтую царкву. І ў другой палове 90-х гадоў, калі збіраліся сродкі на новы іканастас, ён ахвяраваў пэўныя грашовыя суммы дзеля таго, каб той іканастас, які вы зараз бачыце ў нашай царкве - прыгожы, разны, драўляны, каб ён тут у нас быў".

Такія памінальныя богаслужэнні ў Каложскім храме праходзяць кожны год менавіта 12 студзеня - у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Заснавальніку "Песняроў" сёлета споўнілася б 75 гадоў.