Апроч фан-зон, рытм II Еўрапейскім гульням задаюць і самыя тусовачныя месцы беларускай сталіцы

27 июня 2019

Еўрапейскія гульні не абмяжоўваюцца сценамі спартыўных арэн. Апроч фан-зон, свой рытм спартыўнаму форуму задаюць і самыя тусовачныя месцы беларускай сталіцы. Папулярнасцю сярод замежных гасцей у гэтыя дні, безумоўна, карыстаецца гістарычнае сэрца Мінска - гэта Зыбіцкая, Рэвалюцыйная і Камсамольская.

А аматараў андэграўнду больш прыцягвае Кастрычніцкая. Якія актыўнасці прапаноўваюць балельшчыкам II Еўрапейскіх гульняў, ведае Дар'я Тарасава

З трыбун - на вуліцы Мінска. У дні правядзення спартыўнага форуму месцам прыцягнення турыстаў стала і калісьці прамысловая ўскраіна беларускай сталіцы, сёння адна з першых бар-стрыт - Кастрычніцкая. Лакацыя, дзе можна прасякнуцца гарадскім рытмам, размешчаная бліжэй за ўсіх да стадыёна "Дынама".

Візуальна самая яркая вуліца Мінска, фактычна ўсе фасады будынкаў Кастрычніцкай упрыгожваюць графіці, прыцягвае балельшчыкаў Еўрапейскіх гульняў не толькі арт-аб'ектамі і інсталяцыямі. На працягу спартыўнага форуму ў сэрцы Кастрычніцкай каля трамвайных пуцей працуюць дзясяткі фуд-тракаў і лямпавых кафэ. 

Тут жа можна набыць і сувеніры на памяць аб Беларусі. На Кастрычніцкай працуе цэнтр з прадукцыяй ручной работы. 

Для аматараў сучаснага мастацтва на андэграўнднай Кастрычніцкай - лекцыйная прастора "Ок16". У афішы арт-цэнтра майстар-класы, спектаклі і нават фэшн-інкубатар, на мерапрыемстве можна атрымаць бясплатную кансультацыю стыліста. Тусовачная вуліца прывабная не толькі для турыстаў, але і ўдзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў.

На час правядзення II Еўрапейскіх гульняў вуліца Кастрычніцкая ад 19 да 27 дома ўключна стала пешаходнай. Рух транспартных сродкаў спынены тут да закрыцця форуму.