Палярная вясна па-беларуску

11 мая 2017

Другі дзень Беларусь прачынаецца пад снежнай коўдрай. Зрэшты, такая экспрэс-зіма з раніцы ўжо да поўдня змянілася вясновым надвор'ем, аднак усё ж з-за майскіх снегападаў у Мінску спынілі сезон водных шоу ўсе фантаны горада. На паўзу паставілі і атракцыёны ў парках. Капрызы надвор'я апынуліся снегам сярод яснага неба і для дачнікаў. А вось не прапусціць апошнія дзянькі зімы пасярод мая імкнуцца фотааматары - у Інтэрнэце ўжо стартавала некалькі снежных флешмобаў. Самыя кантрасныя кадры палярнай вясны па-беларуску сабраў Ян Пашкевіч.

Многія беларусы гэту раніцу пачалі з фотапалявання за вясновым снегам. Заснуўшы ў маі, краіна абудзілася пасярод зімы, захутаная снежнай коўдрай. Сацыяльныя сеткі ўсяго за два дні занесла вялізнымі сэлфі-гурбамі.

Нягледзячы на прыход арктычнай вясны, чэргаў на шынамантаж усё ж не прадбачыцца - за абутае не па зімовым сезоне аўто вадзіцеля штрафаваць не будуць. Пры гэтым інспектары ДАІ рэкамендуюць устрымацца ад паездак па заснежаных дарогах.

Зусім не калядны настрой у дачнікаў. Звычайна ў гэты час Таццяна Жогал радуецца першым усходам зеляніны і гародніны, але майскі снег "залюляў" больш як палову раслін на гародзе.

Як снег на галаву пасярод мая надвор'е звалілася і на сталічны заапарк. Праўда, на настроі мядзведзя Трыстана гэта ніяк не адбілася. Хіба што ранішні марозік дабавіў яму бадзёрасці.

А вось многія птушкі зараз рыхтуюцца стаць бацькамі. Арнітолагі ўпэўніваюць, што ўкрыць ад снега сваё нашчадства птушыныя змогуць, а вось жаданне чалавека дапамагчы можа толькі нашкодзіць.

Самымі жа метэазалежнымі апынуліся сталічныя атракцыёны і фантаны - да паляпшэння надвор'я яны ўзялі паўзу. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, іх абуджэнне можна чакаць ужо ў найбліжэйшыя выхадныя.

Сур'ёзна абнавілася і табліца майскіх тэмпературных рэкордаў. Адзін з апошніх у Гомелі слупок тэрмометра апусціўся нават ніжэй за нулявую адзнаку. А ў Ашмянах новую вышыню ўсталявала снежнае покрыва - за ноч тут выпала 7 сантыметраў снегу.