Паўстагоддзя таму Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне "Крэпасць-герой"

8 мая 2015

Роўна паўстагоддзя таму - 8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне "Крэпасць-герой". Гэта паслужыла адпраўным пунктам для стварэння цэлага мемарыяльнага комплексу, які сёння ўваходзіць у лік самых наведвальных турыстычных аб'ектаў Беларусі і краін СНД. Першы музей гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці адкрыўся ў лістападзе 1956 года. За гэты час яго наведалі больш як 23 мільёны чалавек з усяго свету. У экспазыцыі - тысячы экспанатаў, сярод якіх і самыя вядомыя. Схаваны ад ворага сцяг артылерыйскага палка, будзільнік, знойдзены на Тэрэспальскім умацаванні, стрэлкі якога замерлі ў 4 раніцы ў чэрвені 1941-га. І знакамітыя надпісы на сценах казематаў. З 50-годдзем калектыў мемарыяльнага комплексу павіншавалі музычныя калектывы і госці горада.

Калектыў мемарыяльнага комплексу сёлета быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. Ствараюцца новыя музейныя залы, абнаўляюцца экспазыцыі, працягваецца праца па увекавечанні памяці. Галоўная падзея - ужо заўтра. Паводле традыцыі, менавіта Брэсцкая крэпасць становіцца цэнтральнай пляцоўкай святкавання Дня Перамогі ў абласным цэнтры.