Атрымаць патрэбныя даведкі, не выходзячы з дому

7 сентября 2015

Атрымаць патрэбныя даведкі, не выходзячы з дому, дапаможа мабільны электронна-лічбавы подпіс. З дапамогай тэлефона грамадзяне змогуць лёгка прайсці працэдуру пацверджання асобы. Калі ў Беларусі пачне працаваць новая прылада для доступу да электронных паслуг, раскажа Вераніка Рымашэўская.

Стварыць як мага больш электронных паслуг для насельніцтва - найважнейшая задача на шляху да электроннага ўрада. Дзяржорганы павінны працаваць анлайн як адзіны механізм, які пазбавіць грамадзян ад чэргаў і папяровых даведак.

Мікалай Мікуліч, начальнік упраўлення ДзяржСКАК Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг: "Для таго каб гэта падаць, мы павінны аўтаматызаваць гэтыя працэсы, і адзін з асноўных элементаў, якія надаюць юрыдычную значнасць, - гэта электронна-лічбавы подпіс".

Гэтая прылада не проста замяняе ў электронных дакументах звычайны подпіс і пячатку, але і надзейна абараняе асабістыя звесткі карыстальніка, якія захоўваюцца ў Сетцы. Тэхналогія электронна-лічбавага подпісу - накшталт ключа пацверджання асобы. Пакуль механізм не папулярны сярод фізасоб, але гэта зменіцца разам з ростам электронных паслуг, якія падаюцца для іх. І ўжо ідзе праца над стварэннем яшчэ больш простай сістэмы мабільнага электронна-лічбавага подпісу.

Андрэй Ільін, дырэктар Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг: "Людзі ў звыклых узаемаадносінах з аператарамі - у салонах мабільнай сувязі - змогуць атрымаць у сябе на сім-карце тыя дадаткі, якія дапамогуць укараніць электронна-лічбавы подпіс".

На распрацоўку можа пайсці некалькі гадоў, улічваючы, што ўкараненне можа закрануць і нарматыўную базу. Зрэшты, колькасць сфарміраваных электронных паслуг для насельніцтва напроста залежыць ад дзяржорганаў. Дзякуючы ім ужо сёння многія працэдуры спрошчаныя ў разы.

Для Дзяржаўнага камітэта па маёмасці развіццё электронных паслуг - прыярытэтны кірунак. Напрыклад, летась была створаная публічная кадастравая карта, якая падае інфармацыю пра зямельны ўчастак не толькі ў лічбах, але і графічна.

Яшчэ адзін штуршок для развіцця сферы - адзіны інтэрнэт-партал, які ў будучыні закліканы стаць пляцоўкай для доступу да ўсіх электронных паслуг краіны. А для тых, хто не можа скарыстацца Інтэрнэтам, каб атрымаць патрэбную паслугу, распрацаваная сістэма інфармацыйных пасярэднікаў.

Такі механізм ужо створаны, і скарыстацца ім можа любы грамадзянін. Сёння функцыі інфармацыйных пасярэднікаў выконваюць Белпошта і Белтэлекам. Гэта каля трохсот пунктаў па ўсёй краіне, куды можна звярнуцца і праз аператара атрымаць электронную паслугу.