Паўсотні высакародных аленяў пасяліліся ў Пухавіцкім раёне

3 февраля 2020
У лясах недалёка ад вёскі Балачанка для іх пабудаваны вальер плошчай 12 гектараў, устаноўлены спецыяльныя кармушкі з вадой і сенам, ёсць улюбёны ласунак - саланцы. І спецыялісты ўвогуле адзначаюць, што зіма сёлета для жывёл праходзіць максімальна камфортна. Юлія Токар убачыла грацыёзных жывёл.

Прыцярушаныя свежым снегам лясы на паўднёвым усходзе Мінскай вобласці сталі новым домам для паўсотні высакародных аленяў. У Пухавіцкі раён іх перавезлі з Клецка. Прасторныя ўгоддзі плошчай 12 гектараў для жывёл падбіралі грунтоўна, каб побач былі блакітныя крыніцы, бо гэта і  дадатковыя расліны з вітамінамі для разнастайнасці рацыёну.

Рацыён у жывёл збалансаваны. Каб алені атрымлівалі і ўсе неабходныя мінералы, на тэрыторыі вальера ўсталяваны так званыя саланцы, размешчаны драўляныя кармушкі з вадой, збожжам (гэта і авёс) і сакавітая морква, духмяная салома.

Сёлетняя зіма для жывёл максімальна камфортная. Глеба не замерзла, гурбы снегу не перашкаджаюць самастойна здабываць ежу. А вальер пад надзейнай аховай егераў  ад браканьераў. Напрыканцы вясны тут чакаюць папаўненне – прыкладна два дзясяткі маленькіх Бэмбі. А ўжо летам, калі яны падужэюць, з вальера знімуць агароджу і статак вернецца ў дзікую прыроду.