Полацк аб’яўлены моладзевай сталіцай Беларусі

5 февраля 2017

У гэтым статусе самы старажытны горад краіны будзе знаходзіцца роўна год. За гэты час тут рэалізуюць больш за 100 мерапрыемстваў і моладзевых ініцыятыў. Сімвалічны ключ перайшоў Полацку ад Баранавіч. Усяго ў конкурсе на званне моладзевай сталіцы ўдзельнічалі 11 гарадоў, у фінале - 4. Прэтэндэнты ацэньваліся па некалькіх крытэрыях, галоўныя з якіх - магчымасць атрымання якаснай адукацыі, арганізацыя адпачынку і вольнага часу моладзі, добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Віктар Якжык, намеснік міністра адукацыі Беларусі:

"Полацк - гэта калыска нашай дзяржаўнасці, горад з вядомымі традыцыямі. І з улікам тых мерапрыемстваў, міжнародных, рэспубліканскіх, якія таксама сёлета будзе прымаць горад Полацк, гэта і Дзень пісьменства, і святкаванне юбілею кнігадрукавання. Думаю, гэта ўсё разам створыць незабыўную атмасферу".

Святочныя мерапрыемствы ў моладзевай сталіцы расцягнуліся на некалькі дзён. У горад прыехалі студэнты з розных навучальных устаноў краіны. Яны падчас форуму "Разам мы Беларусь!" абмеркавалі дасягненні моладзевай палітыкі.