Цалкам перайсці на лічбавае вяшчанне ў Беларусі плануюць напрыканцы мая

23 апреля 2015

Гэта напярэдадні ў эфіры "Панарамы" заявіў Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў. Ён таксама адзначыў, што ў краіне актыўна развіваецца камерцыйнае тэлебачанне.

Што датычыцца ўнутранага спажывання паслуг сувязі, то Беларусь займае першыя пазіцыі ў свеце па шчыльнасці фіксаваных тэлефонаў на 100 жыхароў. А па шчыльнасці паслуг інтэрнэт-тэхналогій у нас сярэдне-еўрапейскія паказчыкі. Нагадаем, гэтымі днямі ў Мінску праходзіць Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "TІБO-2015".

Сяргей Папкоў, Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "Асаблівасць форуму гэтага года ў тым, што арганізацыйны камітэт памяняў падыходы і ідэалогію самой выставы, мы сышлі ад паказу дасягненняў паслуг на базе тэлекамунікацыйных тэхналогій. Рэфармавалі выставу ў паказ дасягненняў у развіцці інфармацыйных тэхналогій. Гэта значыць, тых тэхналогій, якія з'яўляюцца каменьчыкамі і цаглінкамі, якія дапамагаюць будаваць лічбавую эканоміку ў нашай краіне".

Сёння ў рамках форуму адбудзецца Беларускі кангрэс па тэхналогіях інфармацыйнага грамадства і Рэспубліканскі конкурс інтэрнэт-рэсурсаў. Таксама запланаваны беларуска-карэйскі форум, дзе галіновыя міністэрствы падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве на 3 гады.