Палессе за крок ад вялікай вады

10 апреля 2013

Пацяпленне, якое прагназуюць метэаролагі ў найбліжэйшыя дні, можа ўзняць узровень вады ў Прыпяці да крытычнага. Пакуль жа сітуацыя застаецца стабільнай. Яе напярэдадні ацанілі віцэ-прэм'ер  Анатоль Калінін і міністр па надзвычайных сітуацыях  Уладзімір Вашчанка  з вышыні птушынага палёту. Рэвізію палескага разводдзя чыноўнікі правялі з верталёта, на борце якога знаходзілася і наша здымачная група.


 


Уладзімір Каралёў за некалькі гадзін паспеў пабываць адразу ў некалькіх пацярпелых раёнах Гомельскай і Брэсцкай абласцей. З вышыні птушынага палёту ўсе праблемы бачныя як на далоні. Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін і міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка асабіста ацэньваюць маштабы падтапленняў. Хаця вясновае разводдзе для Беларусі  - праблема традыцыйная, сёлета наступствы анамальна доўгай і снежнай зімы могуць быць абсалютна непрадказальнымі. Праблема ўжо расцяклася на сотні кіламетраў.


Першы прыпынак - Пінск - самы буйны населены пункт, які размешчаны на Прыпяці. Тут знаходзіцца цэнтр рэспубліканскага атрада спецпрызначэння МНС - гэта дзясяткі аўтамабіляў, спецтэхнікі і лепшыя спецыялісты. Ратавальнікі ў любы час дня і ночы гатовыя аператыўна зрэагаваць на выклік. Хуткае ўзвядзенне моста, ліквідацыя затору на рацэ, своечасовая эвакуацыя насельніцтва - аб'ём  работ надзвычай  высокі, як і рызыкі ў рэгіёне.


Уладзімір Вашчанка, Міністр па надзвычайных сітуацыях  Беларусі: Гатовы ў любы час дня і ночы як аўтамабілі, так і авіяцыю перакінуць у любы пункт - туды, дзе будзе неабходная дапамога. Насельніцтва можа быць спакойнае. Па першым клічы мы прыйдзем на дапамогу і акажам яе на высокім сацыяльным узроўні.


Палеская рака разам з прытокамі разлілася на кіламетры, заліўшы лугі і падтапіўшы сотні падворкаў. Каб зразумець, наколькі крытычная вялікая вада для жыхароў рэгіёну, спускаемся з нябёсаў на зямлю.


Столінскі раён - самы вялікі ў краіне. З 90 тысяч насельніцтва, дзве траціны - сельскія жыхары. Верталёт МНС апускаецца на аўтадарогу. Чыноўнікаў абступае ледзь не ўся вёска. Выдатная магчымасць з першых вуснаў даведацца, каго закранула вялікая вада.


Мясцовыя жыхары да затаплення прывыклі. Спрадвеку  хаты тут будуюць на ўзвышшах. Нягледзячы на тое што на Палессі зараз падтопленая не адна сотня падворкаў (а гэта гароды і двары), вада пераступіла парог не ў  многіх. Нягледзячы на крытычную адзнаку адселеныя толькі некалькі сем'яў. Ды і самі жыхары пакуль не хвалююцца.


Далей паветраная інспекцыя працягваецца. На шляху Гомельская  вобласць.


Шматмэтавы Мі-8 - самы масавы двухрухавіковы верталёт у свеце. Гэта рабочая ластаўка ратавальнікаў. За некалькі гадзін гэтая жалезная птушка абляцела  раёны краіны, якія найбольш падтапляюцца.


Жыткавіцкі раён, нібы сярэдневяковы замак, абараніўся   земляным насыпам. Дамбы, якія  ідуць удалячынь на некалькі кіламетраў, стрымліваюць вялікую ваду. Ратавальнікі ў чаканні наступнай атакі.


Анатоль Калінін, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: Адбудаваныя дамбы. Патрачаны вялікія сродкі, але яны дазваляюць добра адчуваць сябе  жыхарам нават на такіх раней наводненых тэрыторыях, калі па населеных пунктах можна было праязджаць на лодках. Сёння ўзровень вады ўзняўся ў Жыткавіцкім раёне на 5,8 метра.


Зрэшты, галоўныя вынікі падвядуць у сталіцы, што дапаможа адкарэкціраваць у найбліжэйшы час планы дапамогі поўдню. Апошні пункт  палёту - Мазырскі раён. Тут дазапраўка і папярэднія вынікі: пытанне па паводцы востра не стаіць, хаця разводдзе Прыпяці значнае. Галоўная задача ўрада - паскорыць падрыхтоўку да пасяўной кампаніі.


Зараз тры гідралагічныя станцыі на Прыпяці паказваюць небяспечны ўздым вады. Самы вялікі з іх каля Петрыкава - 820 сантыметраў. Палеская рака поўнасцю вызвалілася ад лёду. Пакуль тэмпературны рэжым на баку ратавальнікаў - невялікі плюс паступова павышае ўзровень вады. На гэтым тыдні пад'ём Прыпяці працягнецца. Зрэшты, наколькі сур'ёзнымі будуць паводкі, будзе залежаць ад надвор'я. А яно, як вядома, капрызнае.