Заваяваць вяршыні дакладных навук удалося вучням ліцэя БДУ

28 января 2014

Літаральна на днях з горада Алматы, дзе праходзіла Міжнародная Жаўтыкоўская алімпіяда па матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы, беларуская каманда прывезла бронзу і серабро. Асаблівасць гэтага спаборніцтва - ніякіх студэнтаў, выключна школьнікі. З пераможцамі пагутарыла Святлана Чарнова.


Стварэнне веб-старонак - гэта, мабыць, самае простае, чым можа пахваліцца адзінаццацікласнік Андрэй Ільін. Стаць праграмістам хлопец марыць з дзяцінства.


Чарговая прыступка да мары была пройдзена літаральна напярэдадні, у Алматы. На штогадовай Міжнароднай Жаўтыкоўскай алімпіядзе па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы школьнік узяў серабро.


Сёлета пазмагацца за золата на арэну дакладных навук выйшла амаль шэсць дзясяткаў каманд з сямнаццаці краін. У іх ліку Індыя, Інданезія і Манголія. Асаблівасці гэтага спаборніцтва - ніякіх студэнтаў, выключна школьнікі.


У выніку з Казахстана беларускія школьнікі прывезлі серабро і бронзу. Яно і не дзіўна, бо прадстаўляюць Беларусь на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах толькі лепшыя.


Каманда ліцэя БДУ у гэтай Міжнароднай алімпіядзе ўдзельнічае ўжо на працягу сямі гадоў, і кожны год школьнікі прывозяць дахаты ўзнагароды. У гісторыі перамог акрамя бронзавых і сярэбраных медалёў ёсць, вядома, і золата, і не адно. Але самы вялікі гонар - гэта Гран-пры Алімпіяды, які беларускія школьнікі ўзялі яшчэ ў 2006 годзе.